Skip to main content

У нядзелю Божай Міласэрнасці біскуп Кашкевіч цэлебраваў літургію ў гродзенскай катэдры

kaszkewicz 6

12 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя.

Прысутнічала вялікая колькасць вернікаў.

Свята Божай Міласэрнасці, якое адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, устанавіў Папа Ян Павел ІІ у адказ на заклік Езуса Хрыста, выказаны святой Фаўстыне Кавальскай: “Хачу, каб свята міласэрнасці было прытулкам і сховішчам для ўсіх душаў, а асабліва для бедных грэшнікаў (...). У гэты дзень адкрыты ўсе Божыя глыбіні, праз якія сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі як барва” (Дз. 699). Такім чынам, гэтае свята, устаноўленае па закліку самога Хрыста, дае магчымасць спазнаць велізарнасць Божай міласэрнасці і дабрыні. У гаміліі біскуп сказаў, што ў гэты дзень усё чалавецтва адчувае “позірк Езуса, поўны дабрыні, ласкавасці і чуласці”.

kaszkewicz 4

Іерарх дадаў, што Езус Хрыстус становіцца ў гэты дзень сярод людзей, як стаў сярод апосталаў пасля свайго ўваскрасення, “прыходзіць да нас з трайным дарам: міру, прабачэння і веры”.

“У гэтае свята Езус перадае нам найважнейшую праўду, якая паходзіць з Яго пасхальнай таямніцы. Ён кажа кожнаму з нас: “Давярай Мне! Я большы за твае страхі. Я ведаю твае грахі і нявернасць, абмежаванасць і слабасці, ведаю, што ты чалавек слабой веры”, – адзначыў біскуп.

Ён заахвоціў дзякаваць Богу за дар міласэрнасці, дадзены ўсяму чалавецтву. “Няхай усе хрысціяне, асабліва бедныя грэшнікі, бязмежна даверацца Езусу Уваскросламу і знойдуць прытулак і спакой у бязмежнасці Яго міласэрнасці”, – пажадаў біскуп.

У канцы літургіі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі ад імя прысутных выказаў іерарху віншаванні з нагоды 35-годдзя з часу яго прызначэння першым біскупам заснаванай тады ж Гродзенскай дыяцэзіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі