Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ўзяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 35-годдзя адраджэння структур Касцёла ў Беларусі

3 1

13 красавіка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебравалася Імша падзякі Богу з нагоды 35-годдзя з часу адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, аднаўлення Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ў выглядзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, у ліку прысутных іерархаў быў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Перад літургіяй кс. канонік Аляксей Раманчук прачытаў даклад дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB “Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур”, паведамляе catholic.by. 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаючыся да прысутных, назваў гэты дзень “добрай нагодай для паслухмяных дзяцей Касцёла, каб выказаць падзяку Богу і, вядома, усім асобам, духоўным і свецкім, якія прычыніліся да адраджэння каталіцкіх структур у Беларусі”. Асаблівым чынам ён узгадаў спачылых кардынала Казіміра Свёнтэка і біскупа Казіміра Велікасельца, дадаў, што сёння ўсе дыяцэзіі Касцёла ў Беларусі маюць ардынарыяў і дапаможных біскупаў, назваўшы гэта падставай для радасці, заклікаў з надзеяй глядзець у будучыню, запэўніў, што ўсё “будзе выдатна, бо Божы Провід над намі”.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч – непасрэдны сведка і ўдзельнік касцёльнага адраджэння ў Беларусі, былы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Па яго словах, на працягу гісторыі развіцця каталіцкай канфесіі ў Беларусі стала відавочным, што Касцёл, пабудаваны на Пятры (паводле евангельскага выразу: “Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой”), сапраўды непераможны.

Іерарх нагадаў асноўныя этапы станаўлення Касцёла на беларускіх землях, адзначыўшы стварэнне ў 1773 г. царыцай Кацярынай ІІ некананічнага Беларускага біскупства са сталіцай у Магілёве, якое ў працэсе доўгіх перамоў паміж Санкт-Пецярбургам і Апостальскай Сталіцай было ў 1883 г. прызнанае Папам Піем VI і павышанае ў статусе да Магілёўскай архідыяцэзіі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай выклікаў патрэбу ў новых дыяцэзіях, таму ў 1798 г. была заснаваная Мінская дыяцэзія (пазней ліквідаваная, а пасля адроджаная ў 1917 г.). Арцыбіскуп узгадаў, што ў выніку пераследу ў ХХ ст. Касцёл застаўся без іерархіі і што ў канцы 80-х гадоў пасля дзесяцігоддзяў прапаганды атэізму была абвешчаная доўгачаканая свабода веравызнання. У 1989 г. пасля доўгага перапынку быў прызначаны біскуп — Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, якім стаў Тадэвуш Кандрусевіч. Дзякуючы яго намаганням Касцёлу было вернута каля 100 канфіскаваных касцёльных будынкаў, заснаваны семінарыя і катэхетычныя курсы ў Гродне, з-за мяжы прыехалі для пастырскай дзейнасці святары і кансэкраваныя асобы, распачалася катэхізацыя і г.д.

1

Па словах іерарха, “няўзброеным вокам было бачна, што Касцёл дынамічна адраджаецца і мае патрэбу ў нармальных структурах на ўзроўні дыяцэзій са сваімі біскупамі”. Ён дадаў, што выдатна памятае дзень 13 красавіка 1991 г., калі Папа Ян Павел ІІ абвясціў аб сваім рашэнні заснаваць Мінска-Магілёўскую мітраполію з дзвюма суфраганнымі дыяцэзіямі — Гродзенскай і Пінскай. Тады ж былі прызначаныя і ардынарыі гэтых дыяцэзій: на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі – пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску кс. прэлат Казімір Свёнтэк, на пасаду біскупа Гродзенскага – пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні кс. Аляксандр Кашкевіч. Пасля да ліку суфраганій дадалася Віцебская дыяцэзія, актыўна пачала адраджацца Грэка-Каталіцкая Царква. У хуткім часе арцыбіскуп Кандрусевіч быў прызначаны Апостальскім адміністратарам у Еўрапейскай частцы Расіі і пачаў адраджаць касцёльныя структуры ўжо там.

У канцы літургіі арцыбіскуп Станеўскі выказаў арцыбіскупу Кандрусевічу падзяку за гады напружанага і адданага служэння, адзначыў, што час не змяняе арцыбіскупа эмерыта. “Мы дзеці Паўсюднага і лакальнага Касцёла, нашай матулі”, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і дадаў, што аб кроўных повязях і абавязках у адносінах да сваёй “матулі” варта памятаць без напаміну і асабістага запрашэння.