
11 красавіка парафію св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) наведаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. На святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых вернікаў – у агульнай колькасці 34 чалавекам.
Перад літургіяй біскуп здзейсніў асвячэнне алтара св. Юрыя і новага алтара, а таксама благаслаўленне літургічнага абсталявання.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на сутнасць актавы Вялікадня, у межах якой адбываўся гэты візіт: “Касцёл працягвае святкаваць дзень Уваскрасення як адну вялікую, неперарыўную ўрачыстасць, у якой мы ўсё глыбей адкрываем для сябе значэнне таго, што Бог здзейсніў дзеля нас у Езусе Хрысце”. У гэтым святле, па яго словах, падзеі гэтага дня ў суботніцкай парафіі набываюць асаблівую глыбіню і значэнне.
Біскуп адзначыў, што ў словах апосталаў з літургічных чытанняў гэтага дня: “Мы не можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі”, адкрываецца “не толькі іх асабістая адвага, але перадусім глыбіня іх сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом, якая настолькі змяніла іх жыццё, што маўчанне стала для іх ужо немагчымым”. Іерарх прапанаваў падумаць над пытаннем: “Ці ёсць у нашым жыцці такая сустрэча з Богам, якая робіць нас здольнымі сведчыць, ці, магчыма, наша вера застаецца толькі на ўзроўні ведаў, звычак або культурнай традыцыі, якая не патрабуе ад нас ні мужнасці, ні асабістага ўдзелу, ні ўнутраных зменаў?”

“Можна ведаць пра Хрыста – і маўчаць. А можна сустрэць Яго – і ўжо не здолець маўчаць. Памятайма, сапраўдная вера заўсёды нараджае сведчанне, і сапраўдная сустрэча з Хрыстом заўсёды вядзе да таго, што чалавек пачынае жыць інакш, гаварыць інакш, думаць інакш, і нават калі свет не заўсёды прымае гэта сведчанне, то ўсё роўна адчувае яго сілу і сапраўднасць”, – патлумачыў біскуп.
“Пасха – гэта не толькі падзея Хрыста. Гэта падзея кожнага з нас. Мы былі ахрышчаны. Мы памерлі для граху. Мы ўваскрэслі для новага жыцця, – сказаў іерарх. – Вельмі часта чалавек можа быць ахрышчаны, належаць да Касцёла, удзельнічаць у літургіі, але ў той жа час яго сэрца застаецца прывязаным толькі да зямнога, часовага, таго, што мінае”. Біскуп падкрэсліў, што сэнс і паўната жыцця “раскрываюцца толькі тады, калі мы вучымся жыць не толькі тым, што бачым, але і тым, у што верым; бо сапраўдны хрысціянін – гэта не той, хто проста жыве “як усе”, гэта той, хто носіць у сабе іншае жыццё – жыццё Хрыста”.
Біскуп дадаў, што вучні Езуса паказаны ў літургічных чытаннях гэтага дня “шчыра і без ідэалізацыі”, яны “спачатку не вераць, сумняюцца, не разумеюць, і гэтая чалавечая слабасць робіць іх вельмі блізкімі нам, бо мы таксама часта знаходзімся ў стане ваганняў, няўпэўненасці, унутранай барацьбы паміж верай і сумненнем”. “Але менавіта да гэтых вучняў, якія яшчэ не ўсё разумеюць, прыходзіць Езус і даручае ім вялікую місію: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле”, і ў гэтым мы бачым, што Бог не чакае ідэальных людзей, а заклікае і пасылае тых, хто гатовы адкрыць Яму сваё сэрца”, – заўважыў іерарх.

Ён нагадаў тым, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, што гэты сакрамэнт – “знак уключэння ў місію Касцёла, якая заключаецца ў тым, каб быць сведкамі Хрыста ў свеце, які вельмі часта не ведае Бога або жыве так, быццам Яго няма”. Канфірмацыя, па словах біскупа, патрабуе “адказу ў форме веры, малітвы, жыцця, якое будзе сведчыць пра тое, што вы сапраўды шукаеце “таго, што ў вышынях”. “Сведчанне – гэта стыль жыцця. Гэта вашыя рашэнні, вашыя словы, вашыя адносіны, ваш выбар, – патлумачыў іерарх. – Сведка – гэта не дасканалы чалавек. Гэта той, хто любіць Хрыста, нават калі падае, і заўсёды вяртаецца да Яго. Гэта той, хто не маўчыць, калі трэба гаварыць. Хто не пагаджаецца на кампраміс са злом. Хто любіць Касцёл, нават калі бачыць у ім слабасці, бо бачыць таксама яго святасць”.
Благаслаўленне літургічнага абсталявання, здзейсненае ў гэты дзень у парафіі, біскуп назваў глыбока сімвалічным. “Алтар – сэрца кожнай святыні, месца, дзе здзяйсняецца таямніца Эўхарыстыі, – сказаў іерарх. – Касцёл заўсёды нагадвае нам, што кожны ахрышчаны чалавек пакліканы стаць “жывым алтаром”, гэта значыць месцам, дзе Бог можа дзейнічаць, дзе прыносіцца ахвяра любові, прабачэння, служэння і вернасці”.
Біскуп дадаў, што падзеі гэтага дня ў суботніцкай парафіі і чытанні, якія гучалі на літургіі, заклікаюць “не задавольвацца павярхоўнай верай, не заставацца ў духоўнай абыякавасці, а адкрыцца на дзеянне Бога, які хоча змяніць наша жыццё і праз нас дакрануцца да іншых”. “Няхай жа ў нашых сэрцах застануцца словы апосталаў: “Мы не можам не гаварыць”, і словы апостала Паўла: “Шукайце таго, што ў вышынях”, і словы самога Хрыста: “Ідзіце і абвяшчайце”, – пажадаў іерарх.
Канфірмаваныя падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, пробашчу кс. Аляксандру Лебядзевічу – за падрыхтоўку іх да яго; пробашч таксама выказаў іерарху падзяку. У заключным слове біскуп заахвоціў канфірмаваных мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле Божых наказаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Людміла Пясецкая






