
11 красавіка студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі гродзенскі касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе служаць францішкане.
Адзіны ў Беларусі брат францішканін, Павел Расялевіч OFMConv, пазнаёміў семінарыстаў з гісторыяй касцёла і кляштара, паказаў арган, які знаходзіцца ў касцёле, – найстарэйшы з працуючых арганаў у нашай краіне, распавёў пра святых, абразы якіх змешчаны ў гэтай святыні, і пра выбітных святароў, якія служылі там раней, найперш пра св. Максімільяна Кольбэ і слугу Божага Мельхіёра Фордана. Таксама брат Павел падзяліўся гісторыяй свайго паклікання.
Паколькі сёлета адзначаецца юбілейны год з нагоды 800-й гадавіны смерці святога Францішка Асізскага, семінарысты памаліліся перад яго рэліквіямі.
Выходзячы з гістарычнага францішканскага корпуса, студэнты семінарыі звярнулі ўвагу на дом, які стаў калісьці “першай курыяй” Гродзенскай дыяцэзіі, бо менавіта ў ім нядоўгі час жылі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Гэтае наведванне было для семінарыстаў крыніцай уражанняў і новых ведаў па гісторыі францішканскага ордэну і мясцовага Касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






