
У апошні дзень актавы Вялікадня ў Лідзе прайшла сустрэча моладзі мясцовых парафій Святой Сям’і і Узвышэння Святога Крыжа.
У праграме былі малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці і разважанне пра нядзелю Божай Міласэрнасці, напярэдадні якой праходзіла гэтая сустрэча. Асноўнай часткай была катэхеза “Святы апостал Тамаш: сумнеў як шлях да веры” – удзельнікі разважалі над евангельскай гісторыяй пра гэтага апостала, асабліва над момантам, калі Езус паказаў яму свае раны. Дыякан Максім засяродзіў увагу на думцы, што сумнеў сам па сабе не з’яўляецца ворагам веры, у адрозненне ад абыякавасці. Разважанне праходзіла ў адкрытай атмасферы: моладзь магла задаваць пытанні, дзяліцца думкамі.
Пасля духоўнай часткі былі настольныя гульні, якія падрыхтаваў дыякан Марцін, а завяршылася сустрэча танцамі і супольным пачастункам.
“Такія сустрэчы становяцца важнай прасторай для моладзі: яны дапамагаюць дзяліцца радасцю Уваскрослага Пана, паглыбляць веру і будаваць адзінства паміж прадстаўнікамі розных парафіяльных супольнасцей”, – адзначылі ўдзельнікі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






