
3 красавіка, у Вялікую пятніцу, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася літургія Мукі Пана. Узначаліў набажэнства біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У літургіі ўдзельнічала духавенства катэдральнай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім. Перад літургіяй адбыўся Крыжовы шлях, які ўзначаліў біскуп.
Літургія Мукі Пана – набажэнства другога дня Пасхальнага Трыдууму, Вялікай пятніцы, у якую святая Імша не цэлебруецца ў знак павагі да ахвяры Езуса Хрыста за грахі свету і ў якую Касцёл заклікае да роздуму, посту і ўшанавання крыжа. Гэтая літургія складаецца з літургіі слова, адарацыі крыжа (у яе час з крыжа здымаецца палатно, якое закрывае яго ў перыяд усяго Вялікага посту) і абраду Камуніі.
У гаміліі біскуп адзначыў, што “ў цішыні Вялікай пятніцы чалавек перастае абараняцца, хавацца і становіцца перад Богам такім, якім ёсць, без маскі, без апраўданняў” і што “гэтая цішыня напоўнена болем і любоўю адначасова, таямніцай Бога, які не застаецца далёка ад чалавечых пакутаў, а ўваходзіць у іх, каб у самым сэрцы гэтай цемры адкрыць святло, якое ўжо ніхто не зможа пагасіць”.
У пачатку літургіі Мукі Пана святар, які яе цэлебруе, кладзецца перад алтаром. Біскуп назваў гэта “знакам таго, што перад таямніцай Крыжа чалавек не можа стаяць роўна, не можа заставацца абыякавым, а можа толькі схіліцца, прызнаючы, што тут адбываецца нешта большае за разуменне, нешта, што патрабуе пакоры, даверу і ўнутранага маўчання”. “Гэта не толькі жэст пакоры, але і праяўленне таго, што, стоячы перад Богам, які пакутуе, чалавек перастае апраўдвацца, кантраляваць, і дазваляе сабе быць проста чалавекам – слабым, грэшным, але адкрытым, гатовым прыняць тое, што Бог хоча яму даць, – патлумачыў іерарх. – Крыж – месца, дзе адкрываецца не толькі Бог, але і чалавек; гэта люстэрка, у якім чалавек бачыць не ідэальны вобраз сябе, а праўду – пра сваю слабасць, пра сваю здольнасць да здрады, пра сваю схільнасць уцякаць, маўчаць, адракацца, і ў той жа час пра сваю здольнасць любіць, вяртацца і давяраць”.
“Хрыстус не толькі пакутуе, але і ўваходзіць у самую глыбіню чалавечага досведу, становіцца паслухмяным аж да смерці, і праз гэта – нашым Першасвятаром, які не стаіць па-за нашымі слабасцямі, а ведае іх знутры, не асуджае чалавека за яго слабасць, а становіцца побач з ім, каб правесці праз цемру”, – сказаў біскуп.
Разважаючы над евангельскім фрагментам, дзе апісваецца Мука Пана, ён адзначыў, што “гэта гісторыя не толькі Хрыста, але і кожнага чалавека, бо ў ёй мы бачым не толькі Бога, але і сябе, свае страхі, свае слабасці, свае выбары”. Таму, па словах біскупа, у Вялікую пятніцу да чалавека звернута пытанне: “Кім я з’яўляюся перад Крыжам, якое маё сэрца, калі Бог адкрывае сваё?” “Бо Крыж – гэта не толькі пакута, але і адкрытае сэрца Бога, якое не закрываецца перад грахом чалавека, не адказвае асуджэннем, а прапануе прабачэнне”, – дадаў іерарх.

Адарацыя крыжа, якая здзяйсняецца на літургіі Мукі Пана, павінна, па словах біскупа, быць не толькі вонкавым жэстам: “Бо пакланіцца Крыжу – значыць прыняць праўду пра Бога і пра сябе, прызнаць, што мне патрабуецца збаўленне, што я не магу выратаваць сябе сам, што без Бога маё жыццё губляе сэнс, прызнаць, што любоў мацнейшая за грэх, прабачэнне мацнейшае за зло, надзея мацнейшая за смерць”.
“Магчыма, у кожным з нас ёсць месца, дзе яшчэ пануе цемра, – сказаў біскуп. – Менавіта туды сёння Хрыстус прыходзіць з Крыжам. Не каб асудзіць, а каб адкрыць.
Не каб зламаць, а каб аднавіць. Бо Крыж – гэта не канец гісторыі, гэта момант, у які пачынаецца новае жыццё, але яно пачынаецца не там, дзе чалавек усё разумее, а там, дзе ён пачынае давяраць”.
У час абраду Камуніі, апошняй часткі літургіі Мукі Пана, знак супакою не перадаецца, абрад распачынаецца малітвай “Ойча наш”, а Камунія ўдзяляецца з Найсвяцейшага Сакрамэнту, кансэкраванага ў Вялікі чацвер. Потым Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу ў капліцы катэдры і змешчаны там у манстранцыі, накрытай белым вэлюмам у напамін пра палатно, у якое было захінута цела Езуса пасля смерці. Усе ахвотныя маюць магчымасць маліцца перад гэтай капліцай.

Пасля літургіі распачалася Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая доўжыцца да першай нядзелі пасля Вялікадня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






