Skip to main content

Біскуп Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу Хрызма ў гродзенскай катэдры

hrizma 29

2 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Да ўдзелу ў гэтай асаблівай літургіі, якая здзяйсняецца толькі ў Вялікі чацвер, запрашаюцца ўсе святары мясцовага Касцёла. Такім чынам падкрэсліваюцца адзінства і непадзельнасць Хрыстовага святарства і духоўная сувязь, якая злучае ўсё духавенства дыяцэзіі разам з біскупам. На гэтай літургіі здзяйсняецца асвячэнне алею хворых і катэхуменаў і кансэкрацыя алею хрызма, неабходных для ўдзялення сакрамэнтаў.

Падтрымаць малітвай служэнне святароў маглі і іншыя ўдзельнікі літургіі: законныя сёстры, семінарысты, міністранты, вернікі парафій Гродна і наваколля.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп Гродзенскі ў гаміліі звярнуў увагу на апісаны там прыход Езуса Хрыста ў Назарэт – месца Яго зямнога паходжання, дзе Ён рос, выхоўваўся, “узрастаў у мудрасці”. Іерарх адзначыў, што Езус нездарма вяртаецца перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці ў гэтае “месца пачаткаў”, “месца Яго аб’яўлення”. Біскуп нагадаў, што для святароў дыяцэзіі такім месцам пачатку іх душпастырскага паходжання і служэння з’яўляецца катэдра. “Тут у сакрамэнце пасвячэння нашы рукі былі літаральным чынам намашчаны Духам Хрыста. Бо Пан не толькі абраў нас калісьці і паклікаў, але і праліў на нас намашчэнне свайго Духа, таго ж, які сышоў на апосталаў. І, як мы добра ведаем, Ён зрабіў гэта не з-за якіхсьці нашых заслуг – гэтае намашчэнне мы атрымалі выключна з чыстай ласкі. І атрымалі не для якогасьці нашага асабістага задавальнення ці камфорту, а для служэння, служэння Богу і людзям. Намашчаныя тут Духам Хрыста, мы выйшлі адсюль, каб служыць і даць жыццё”, – сказаў біскуп.

hrizma 12

“Мы з’яўляемся святарамі на самой справе не з-за нашых заслуг, а з чыстай ласкі, – падкрэсліў іерарх. – Таму ўсё, чым у выніку мы як святары жывём, што робім і як робім, усё, чым і як служым людзям, мае крыніцу ў нашай вернасці і адзінстве з Духам Хрыста, якім мы былі намашчаны”.

На Імшы Хрызма святары аднаўляюць абяцанні, дадзеныя ў час пасвячэння, – гэта садзейнічае таму, каб яны атрымалі духоўную моц нa далейшае служэнне, адрадзілі ў сабе душпастырскую руплівасць, мацней любілі Езуса Хрыста і Яго Касцёл. Па словах біскупа, аднаўленне гэтых абяцанняў сведчыць, што святарам “патрэбна ўнутраная сувязь з Хрыстом, больш за тое, прыпадабненне да Яго” – значыць “адмаўленне ад таго, што толькі наша, ад той самарэалізацыі, пра якую так часта гаворыцца”. “Трэба, каб мы не прэтэндавалі мець права на сваё жыццё, а аддалі яго ў распараджэнне Кагосьці іншага – Хрыста. Трэба, каб я пытаўся не аб тым, што я з гэтага атрымаю, а аб тым, што я магу даць Яму, а тым самым – іншым”, – патлумачыў біскуп.

“Галоўнае – ва ўсіх абставінах, нягледзячы на цяжкасці, прабываць у сувязі з Езусам, слухаць і абвяшчаць Божае слова і будаваць супольнасць на фундаменце ўзаемнага слухання, праўды і міласэрнасці, – сказаў іерарх. – У кожнай складанай жыццёвай сітуацыі трэба найперш спрабаваць убачыць, што ў цэнтры не я, а Бог”. На думку біскупа, святарам варта “пачаць хаця б са звычайнай чалавечай маральнасці і сумленнасці, з праўды аб сабе, са шчырасці, з жадання слухаць і з павагі да кожнага, з таго, што ў мяне ёсць не толькі ўласныя справы, але і справы іншых”.

hrizma 17

Біскуп адзначыў, што, калі Езус Хрыстус пасля ўваскрасення паслаў свайго Духа разгубленым і напалоханым апосталам, то “гэта Ён зрабіў іх адважнымі пастырамі Божай аўчарні, а не яны самі”. “Перад намі зноў святыя дні мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, дні, калі Ён, Уваскрослы, дае і нам свайго Духа, – нагадаў іерарх святарам. – Ён вядзе і нас і сочыць за тым, каб Яго рука заўсёды была на нас і каб нас падтрымлівала Яго плячо, каб і мы маглі сказаць, што з намі Яго вернасць і ласка”.

Біскуп падзякаваў святарам за служэнне, асабліва ў насычаны перыяд посту, калі яны прысвячаюць шмат часу яднанню людзей з Богам у сакрамэнце пакаяння. Ён падзякаваў таксама ўсім вернікам дыяцэзіі, папрасіўшы іх працягваць маліцца за духавенства і аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

У канцы літургіі ад імя ўсіх дыяцэзіяльных святароў, а таксама святароў і сясцёр з манаскіх супольнасцяў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, з віншаваннямі да біскупа Уладзіміра звярнуўся канцлер курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч. Ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі віншаванні іерархам выказаў а. Аляксандр Махнач SP.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі