
25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа прайшла традыцыйная сустрэча “Легіёну Марыі”. Прысутнічалі члены гэтага руху з самой Ліды, Гродна, Іўя, Дзятлава і іншых месцаў.
Перад спецыяльным штандарам з эмблемай голуба – сімвала сыходжання Духа Святога на Панну Марыю, пра што ўзгадвае ўрачыстасць Звеставання, – удзельнікі сустрэчы аднавілі абяцанні, дадзеныя пры ўступленні ў рух. У час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту абяцанні далі пасля трохмесячнага іспыту новыя члены руху.
Цэнтральнай часткай сустрэчы была святая Імша. У гаміліі духоўны кіраўнік руху “Легіён Марыі” ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Валюк засяродзіў увагу на тэме пакорнага служэння на хвалу Бога і для дабра хворых, тых, хто пакутуе і хто знаходзіцца ў патрэбе. Завяршылася сустрэча супольным пасілкам, у час якога члены руху дзяліліся аповедамі і дасягненнямі ў сваім служэнні.

“Легіён Марыі” – самая вялікая апостальская арганізацыя свецкіх католікаў, мужчын і жанчын, якая дзейнічае амаль у кожнай краіне і налічвае больш за тры мільёны актыўных і каля дзесяці мільёнаў дапаможных членаў. “Легіён Марыі” арганізаваны на ўзор войска, Апякункай яго з’яўляецца Маці Божая. Яго мэта – праслаўленне Бога і асвячэнне саміх членаў “Легіёну Марыі” праз малітоўныя сустрэчы, асабістую малітву і практычную апостальскую дзейнасць: наведванне шпіталяў, дамоў састарэлых, распаўсюджванне рэлігійнай літаратуры, размовы з людзьмі пра іх клопаты і адносіны з Богам. Далучыцца да гэтай арганізацыі і тым самым абвяшчаць у свеце Імя Бога і Маці Божай можа кожны, хто жадае служыць бліжняму малітвай і добрымі ўчынкамі.
У канцы мая члены руху будуць удзельнічаць у начной адарацыі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях, молячыся за сем’і Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Віталій Валюк






