
29 сакавіка, у Пальмовую нядзелю (нядзелю Мукі Пана), у Дзятлаве адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада.
Як паведамляе diatlovonews.by, набажэнства распачалося ад касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.Крыж неслі па чарзе мужчыны, жанчыны, дзеці, прадстаўнікі розных прафесій і працоўных калектываў.
Пробашч дзятлаўскай парафіі кс. Андрэй Лішко, звяртаючыся да прысутных, сказаў: “Сучаснаму чалавеку цяжка ўявiць, як гэта – несцi свой крыж на гару, дзе ён памрэ, праз натоўп, якi асуджае, здзекуецца. Сёння і мы нясём крыж нашых грахоў, праблем, сумненняў. Але гэта нашы грахi. А Хрыстус узяў чужы крыж і панёс яго дзеля збаўлення чалавецтва. Сярод гэтага натоўпу мы шукаем сябе: што я прачытаю ў любячых і змучаных вачах Збаўцы? Што я Яму адкажу? Ці гатовы я падставіць свае плечы, каб гэтаксама пакорна несці свой крыж?”
Набажэнства нагадвала пра тое, што ў крыжы – збаўленне, цярпенне, уменне зносіць пакуты і любіць Бога. У ходзе набажэнства прасілі Езуса Хрыста выратаваць людзей ад цяжкіх грахоў, пазбавіць ад прыхільнасцяў і слабасцяў, успомнілі Яго пакуты і падзякавалі Яму за тое, што Ён прыняў смерць за грахі людзей.
Крыжовы шлях стаў традыцыяй Дзятлава, штогод збірае вялікую колькасць удзельнікаў, дапамагае асэнсаваць таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста.






