Skip to main content

У Смаргоні ў шосты раз прайшла аратарыяда

12048

21 сакавіка ў смаргонскай парафіі св. Арханёла Міхала прайшла аратарыяда – спартыўныя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі для вучняў 5-7 класаў. Салезіяне служаць таксама ў гэтай парафіі.

Як паведамляе sdb.by, мерапрыемства адбылося ў шосты раз. 

Аратарыяда пачалася Імшой, якую цэлебраваў дырэктар рэлігійнай місіі “Таварыства святога Францішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевіч SDB. У гаміліі ён сказаў: “Сапраўдная перамога нараджаецца не там, дзе табе апладзіруюць. Яна нараджаецца ўнутры – у той момант, калі ты, нягледзячы на ўсё, застаешся чалавекам, які не кідае, які верыць і які ідзе далей”.

12046

У першай частцы спаборніцтваў падлеткі змагаліся ў наступных дысцыплінах: настольны футбол, настольны тэніс, дартс, скачкі праз скакалку, шашкі, гульня “Alias”, камп’ютарная гульня “Brawl Stars”. Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, у канцы спаборніцтваў — дзве вялікія камандныя гульні, у якіх удзельнічала па дзесяць чалавек з кожнага араторыя.

Перамогу ў гульні “Два капітаны” ва ўпартай барацьбе атрымала каманда смаргонскага араторыя. У спартландыі, дзе ў межах эстафет неабходна было прадэманстраваць рознабаковыя здольнасці, перамагла каманда з Мінска.

У адной з эстафет удзельнікі па традыцыі павінны былі правільна адсартаваць смецце: адбывалася гэта ў экстрэмальных умовах, пры абмежаваным часе.

Адпаведную інфармацыю яны неаднаразова атрымлівалі ў араторыях і дапусцілі мінімальную колькасць памылак.

Ксёндз Алег Каралёў SDB выказаў удзячнасць усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы аратарыяды, асабліва святарам, законным сёстрам, аніматарам, офісу развіцця салезіянскай дэлегатуры і ўсёй камандзе, якая мела дачыненне да арганізацыі мерапрыемства. Кожны ўдзельнік, які ўвайшоў у тройку лепшых у сваёй дысцыпліне, атрымаў медаль. Кульмінацыйным момантам стала ўзнагароджанне каманды, якая перамагла ў агульным заліку. Першае месца, як і ў мінулым годзе, заняла каманда з Мінска, другое – са Смаргоні, трэцяе з мінімальным адставаннем – з Бараўлян.