
25 сакавіка, калі святкавалася Звеставанне Пана, парафія ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.
На святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Прысутнічалі шматлікія парафіяне і госці, у тым ліку духавенства.
У гаміліі біскуп сказаў, што ўрачыстасць Звеставання мае надзвычай глыбокае значэнне, бо ўводзіць у сэрца гісторыі збаўлення, у той момант, калі Бог увайшоў у зямное жыццё, стаўшы чалавекам, прыняўшы чалавечае цела і чалавечы лёс, каб прывесці людзей да паўнаты жыцця.
Важным у таямніцы звеставання іерарх назваў тое, што “Бог не навязваецца чалавеку, не прымушае яго, не парушае яго свабоды, а чакае адказу, даверу”, – гэты адказ дала Панна Марыя ў апісанай у Евангеллі сцэне звеставання, згадзіўшыся стаць Маці Божага Сына. Па словах біскупа, у гэтай сцэне “бачная не толькі Марыя, але і кожны з нас, таму што Бог і сёння прыходзіць да чалавека, звяртаецца да яго, запрашае і чакае адказу”.
Біскуп адзначыў, што гэта асабліва датычыцца тых, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі: “Вы стаіце перад Богам і перад Касцёлам, каб сказаць сваё «так», прыняць дар Духа Святога, умацавацца ў веры, стаць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце. Сакрамэнт канфірмацыі – гэта не проста нейкі абрад, не проста традыцыя або звычай, а сапраўдная сустрэча з жывым Богам, які дае вам свайго Духа, каб вы маглі жыць, сведчыць, любіць, служыць”.

Іерарх дадаў, што той, хто прымае гэты сакрамэнт, у пэўным сэнсе прамаўляе словы Езуса Хрыста з літургічных чытанняў гэтага дня: “Іду, каб выканаць волю Тваю, Божа”. “Гэтыя словы паказваюць, што сапраўднае жыццё – гэта жыццё ў паслухмянасці Богу, у даверы Яму, у гатоўнасці ісці за Ім нават тады, калі гэта патрабуе ахвяры, мужнасці, вернасці. Гэтыя словы павінны стаць стылем жыцця, выбарам сэрца”, – сказаў біскуп.
Тое, што ва ўрачыстасць Звеставання адзначаецца Дзень святасці жыцця, біскуп назваў “асабліва важным у сучасным свеце, дзе жыццё часта не шануецца, дзе яно становіцца прадметам выбару, дзе чалавек ставіць сябе на месца Бога і вырашае, калі жыццё павінна пачынацца і калі заканчвацца”. “Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае, што жыццё – дар, таямніца, святасць, якую трэба прымаць, абараняць, шанаваць. Жыццё пачынаецца не ў момант нараджэння, а ў момант зачацця, і менавіта гэтая праўда раскрываецца перад намі ў таямніцы звеставання, калі Сын Божы становіцца чалавекам ва ўлонні Марыі. І таму кожнае чалавечае жыццё – з першага моманту яго існавання – мае бясконцую каштоўнасць, бо закранутае Божай прысутнасцю, Божай любоўю, Божым планам”, – патлумачыў іерарх. Ён дадаў, што важна “абараняць жыццё, падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, быць сведкамі таго, што жыццё – дар, а не цяжар”.
Тым, хто прыступаў у гэты дзень да канфірмацыі, біскуп нагадаў, што сем дароў Святога Духа, якія чалавек атрымлівае ў ёй, – “не казка і не тэорыя”: “Гэта рэальнасць, якая пачынаецца сёння – але толькі пры ўмове, што вы будзеце супрацоўнічаць з Духам Святым”. “Гэтыя дары не для таго, каб пакінуць іх для сябе. Яны дадзены, каб будаваць Касцёл, будаваць ваша жыццё, будаваць дабро ў свеце. Гэтыя дары з’яўляюцца канкрэтнай сілай, якая павінна дзейнічаць у вашым жыцці, павінна дапамагчы вам прымаць правільныя рашэнні, выбіраць дабро, адкідваць зло, заставацца вернымі Хрысту, – падкрэсліў біскуп. – Аднак дар патрабуе адказу, ласка патрабуе супрацоўніцтва, Бог дзейнічае, але чалавек павінен адкрыцца. Калі Марыя сказала «так», Божае Слова стала целам. Калі вы скажаце «так», Божая ласка будзе дзейнічаць у вас”.
У канцы літургіі канфірмаваныя падзякавалі біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а адміністратару парафіі кс. Уладзіміру Аксенцьеву – за падрыхтоўку іх да яго прыняцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






