
У кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прайшлі “дні цішыні”.
Паведамляецца, што для ўдзельнікаў гэта быў час духоўнай “перазагрузкі” і засяроджанасці. “Разам з Хрыстом удзельнікі спрабавалі вырушыць у “пустыню” – месца ўнутранай барацьбы, сустрэчы з сабою, але і з Богам, які жыве глыбока ў нашых сэрцах”, – паведамляюць нам.
Сустрэча давала магчымасць перш за ўсё пабыць у цішыні, але не бракавала і духоўных практыкаванняў. Праграма сярод іншага ўключала канферэнцыі на тэму ўнутранай малітвы, споведзь, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, святую Імшу, Крыжовы шлях – мэтай усяго гэтага было дапамагчы ўдзельнікам добра правесці Вялікі пост.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






