
2 сакавіка ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла фармацыйная практычная сустрэча для духоўных і свецкіх катэхетаў, якія служаць у дыяцэзіі.
Сустрэчу арганізаваў Аддзел навучання і выхавання Гродзенскай курыі, прысутнічала больш за 50 катэхетаў.
Пачалася сустрэча святой Імшой, якую цэлебраваў у капліцы семінарыі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп сказаў у гаміліі, што “сапраўднае навяртанне пачынаецца не з асуджэння іншых, а з пакорнага прызнання ўласнай патрэбы ў Божай міласэрнасці”. Іерарх адзначыў, што адно з гэтых чытанняў, з Кнігі прарока Даніэля, дае прыклад “малітвы, якая можа стаць сапраўднай школай для кожнага катэхета”, “малітвы чалавека, які не абвінавачвае іншых, не шукае вінаватых вакол сябе, а становіцца перад Богам з пакорай”.
Гэтая малітва, на думку біскупа, “можа здавацца цяжкай для сучаснага чалавека, бо поўная прызнання віны: “Мы зграшылі, учынілі беззаконне, адступілі ад Тваіх запаведзяў”. “Сённяшні свет часта прапануе іншы шлях – не прызнаваць памылак, шукаць апраўданняў, перакладваць адказнасць, называць зло іншымі словамі, каб яно не балела. Але Божае слова вучыць нас, што праўда вызваляе толькі тады, калі яна праходзіць праз сэрца, – патлумачыў біскуп і, звяртаючыся да катэхетаў, дадаў: – Менавіта такое сведчанне асабліва патрэбнае ў катэхізацыі. Бо катэхет – гэта не толькі чалавек, які перадае веды”.
“Катэхет – гэта перш за ўсё чалавек, які сам стаіць перад Богам у праўдзе і дазваляе Яму навучаць сябе. Нельга перадаць тое, чым не жывеш; нельга навучыць малітве, калі сам не молішся; нельга гаварыць пра міласэрнасць, калі сэрца застаецца закрытым, – падкрэсліў іерарх. – Дзеці і моладзь вельмі хутка адчуваюць, калі словы не супадаюць з жыццём”.

Па словах біскупа, малітва Даніэля вучыць таксама “адказнасці за супольнасць”: “Прарок кажа: “мы зграшылі”, хоць сам быў справядлівым чалавекам. Ён моліцца не толькі за сябе, але і за народ. Ён не аддзяляе сябе ад народа. У гэтым вялікая духоўная мудрасць. Гэта вялікая школа адказнасці”.
“Сённяшні свет вельмі лёгка дзеліць: вінаватыя – яны, праблема – у іншых, моладзь дрэнная, сям’я слабая, культура сапсаваная. Але Божае слова кажа: пачні з сябе! Заўважце, колькі разоў у душпастырстве, у катэхізацыі, у працы з дзецьмі і моладдзю можна пачуць: “яны не слухаюць”, “ім нічога не цікава”, “бацькі не дапамагаюць”. І ў гэтым ёсць частка праўды. Але сённяшняе слова пытаецца: ці сапраўды мы сведкі таго, чаму вучым?” – сказаў іерарх.
У сваіх разважаннях над чытаннямі біскуп адзначыў таксама, што ў Вялікі пост важна зразумець: Бог не стамляецца дараваць. “Бог, якога абвяшчае Касцёл, – гэта не Бог асуджэння, а Бог, які выходзіць насустрач”, – дадаў іерарх. Евангельскі выраз “Будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны” ён пракаментаваў так: “Гэта праграма жыцця вучня Хрыста. Езус не прапануе лёгкай дарогі. Ён прапануе Божы спосаб жыцця. Езус не кажа: будзьце справядлівымі; не кажа: будзьце строгімі; не кажа: будзьце бездакорнымі. Ён кажа: будзьце міласэрнымі. Бо менавіта міласэрнасць раскрывае сапраўднае аблічча Бога”.
“Часта дзеці і моладзь прыходзяць на заняткі не з гатовымі адказамі, а з пытаннямі, з ранамі, з недаверам, – нагадаў біскуп катэхетам. – Некаторыя з іх жывуць у сем’ях, дзе няма малітвы; іншыя не ведаюць, што такое прабачэнне; трэція шукаюць сэнс жыцця ў свеце, які прапануе тысячы галасоў, але вельмі мала праўды. І таму катэхет не можа быць толькі настаўнікам інфармацыі. Ён павінен быць сведкам сустрэчы. Паглядзіце, колькі людзей засталося ў Касцёле не таму, што нехта добра растлумачыў дактрыну, а таму, што сустрэлі чалавека, які слухаў, які не асуджаў”.
На думку біскупа, не асуджаць “асабліва цяжка ў наш час, калі асуджэнне стала амаль штодзённай мовай”. “Сацыяльныя сеткі вучаць хуткім ацэнкам, хуткім прысудам. Але Божае слова вучыць цярпенню. Не судзіць – значыць бачыць чалавека глыбей. Не асуджаць – значыць пакідаць месца для Божай працы, – заўважыў іерарх. – Катэхет, які асуджае, закрывае сэрца вучня”. Біскуп патлумачыў, што, “заклікаючы не судзіць, Езус не забараняе распазнаваць зло – Ён вучыць рабіць гэта з любоўю: бо праўда без любові раніць, а любоў без праўды губляе дарогу”.
Біскуп параіў катэхетам памятаць, што “Бог працуе ціха”, хоць часам ім можа здавацца, што вынікаў іх працы няма: “Зерне Божага слова, пасеянае сёння, можа прарасці праз гады. Можа, хтосьці з вашых вучняў сёння не слухае. Але прыйдзе дзень, калі ў цяжкі момант жыцця ён успомніць словы катэхета, успомніць малітву, успомніць усмешку, успомніць, што Бог ёсць”.

“Касцёлу сёння асабліва патрэбны катэхеты, якія не баяцца быць сведкамі – не толькі ў класе, але і ў жыцці”, – падкрэсліў біскуп. Ён дадаў, што Вялікі пост – нагода падумаць, “што трэба ачысціць у сваім сэрцы – можа, спешку, можа, раздражненне, можа, страх”. Іерарх пажадаў катэхетам, каб пост дапамог ім аднавіць свае сэрцы, навучыцца прасіць прабачэння, дзякаваць і давяраць.
Дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі а. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу за цэлебрацыю, пастырскае слова і клопат аб катэхетах мясцовага Касцёла.
У практычнай частцы сустрэчы с. Дар’я Еўтухоўская FMA з Інстытута Дачок Марыі Успамогі, зыходзячы з уласнага досведу, дала некалькі парадаў наконт працы з дзецьмі, моладдзю і бацькамі. Сястра Дар’я падкрэсліла, што катэхет павінен жыць праблемамі і радасцямі сваіх вучняў, знаходзіць для іх час, заўважаць кожнага і мець да кожнага індывідуальны падыход. Таксама яна адзначыла важнасць сямейнай катэхізацыі, на якую варта запрашаць усіх членаў сям’і.
Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць падзяліцца досведам, даведацца пра новыя формы і метады катэхізацыі, якія могуць выкарыстоўвацца ў парафіяльных супольнасцях для азнаямлення людзей з праўдамі веры і садзейнічаць таму, каб катэхізацыя была цікавай і плённай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






