
18 лютага, у Папяльцовую сераду, якой распачаўся Вялікі пост, Імшу ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Прысутнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі, жыхары горада, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У цэлебрацыі ўдзельнічалі святары, якія служаць у катэдры (на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім) і ў гродзенскай семінарыі (на чале з рэктарам кс. Янам Раманоўскім).
Біскуп у гаміліі звярнуў увагу на значэнне Папяльцовай серады і на сімволіку попелу, які выкарыстоўваецца ў яе абрадзе (абрад пасыпання галоваў попелам, які здзяйсняецца ў гэты дзень, нагадвае, што зямное і часовае праходзіць, а Бог вечны, Ён адарыў чалавека несмяротнай душой і абяцаў вечнае шчасце ў небе).

Іерарх адзначыў, што Вялікі пост павінен стаць для кожнага чалавека часам навяртання. Для гэтага, па словах біскупа, важна на самым парозе гэтага перыяду прызнаць, што “я не магу жыць без Бога, ні з чым не магу справіцца без Яго, бо тады жыццё губляе сэнс”.
Біскуп нагадаў пра евангельскія парады, якія павінны дапамагаць людзям у навяртанні да Бога: малітву, пост і міласціну.
Кажучы пра малітву, іерарх заахвоціў удзельнічаць у велікапосных набажэнствах – Крыжовым шляху і Песнях жальбы. Пост біскуп заклікаў ахвяраваць у інтэнцыі міру ва ўсім свеце, міласціну – удзяліць людзям, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе і якіх, па яго словах, заўсёды можна падтрымаць тым, чым магчыма.
Біскуп заахвоціў быць трывалымі ў сваіх велікапосных пастановах. “Не будзем паддавацца, будзем змагацца. Не будзем упадаць у роспач, абыякавасць, губляць ахвоту. Мы ведаем, дзе шукаць дапамогі і сілы. Той, хто стварыў нас з праху, заўсёды чакае нас з разгорнутымі абдымкамі”, – сказаў іерарх.
Біскуп пажадаў, каб плёнам Вялікага посту было для кожнага чалавека сапраўднае перамяненне жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






