Skip to main content

У капліцы дайлідскай парафіі адзначылі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўрачыстасць бл. Міхала Сапоцькі

sapocki 7

15 лютага, ва ўспамін благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, у капліцы пад яго тытулам на станцыі Ашмяны адзначылі адпустовую ўрачыстасць. Святую Імшу ў межах урачыстасці цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Літургію іерарх цэлебраваў па запрашэнні кс. каноніка Алега Шпеня – пробашча парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідках (Астравецкі дэканат), да якой адносіцца гэтая капліца.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што Божая міласэрнасць – адна з галоўных рысаў Бога. Іерарх адзначыў, што Бог з любові да чалавека стварыў таго паводле свайго вобразу і падабенства; калі чалавек адвярнуўся ад Бога і зграшыў, Бог не пакінуў яго, а паабяцаў збаўленне; пасылаў прарокаў, каб яны клапаціліся пра духоўны стан чалавека; вывеў яго з егіпецкага рабства; даў яму дзесяць запаведзяў як указальнікі на жыццёвай дарозе, каб ён не згубіўся ў маральным сэнсе; паслаў свайго Сына збавіць чалавека.

“Бог мог сказаць чалавеку: ты зграшыў і сам разбірайся са сваімі праблемамі – але не мог дапусціць, каб створаны паводле Яго вобразу і падабенства навекі страціў гэты вобраз і падабенства, – патлумачыў арцыбіскуп. – Гэта быў знак Яго міласэрнай любові”. Іерарх дадаў, што Бог таксама хацеў, каб культ Яго міласэрнасці развіваўся і ахінуў як мага больш людзей, для чаго выбраў манахіню Фаўстыну Кавальскую і святара Міхала Сапоцьку.

Арцыбіскуп нагадаў пра аб’яўленні Езуса Хрыста Фаўстыне Кавальскай, частка з якіх мела месца ў Вільні. Ён адзначыў, што, як па просьбе Панны Марыі Езус учыніў у Кане Галілейскай першы цуд, так, магчыма, па просьбе Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая валадарыць у Вільні, менавіта там адбыліся аб’яўленні Езуса Міласэрнага.

Арцыбіскуп дадаў, што кс. Міхала Сапоцьку, сына беларускай зямлі, Бог уключыў у місію распаўсюджвання культу сваёй міласэрнасці. Ксёндз Міхал быў прызначаны спаведніком сясцёр Міласэрнасці, сярод якіх была сястра Фаўстына, і тая пачала распавядаць яму пра аб’яўленні Езуса. Спачатку ён ставіўся да яе слоў са зразумелай асцярожнасцю, доўга даследаваў гэтую справу, маліўся і прасіў у Духа Святога дапамогі ў належным яе распазнанні, шукаў адказу ў Святым Пісанні і тэалогіі; прыняць рашэнне было нялёгка, але нарэшце ён параіў сястры Фаўстыне весці дзённік аб’яўленняў Езуса Міласэрнага. Арцыбіскуп дадаў, што сёння гэты дзённік з’яўляецца скарбніцай вучэння аб Божай міласэрнасці, а сам Міхал Сапоцька стаў вялікім прапагандыстам ідэі Божай міласэрнасці, дзякуючы яго намаганням быў напісаны славуты абраз Езуса Міласэрнага з надпісам “Езу, давяраю Табе”. Такім чынам, жыццёвыя дарогі Фаўстыны Кавальскай і Міхала Сапоцькі зышліся ў праслаўленні культу Божай міласэрнасці.

sapocki 12

“Сёння мы дзякуем благаслаўлёнаму Міхалу за тое, што перадаў нам надзею ў набажэнстве да Божай міласэрнасці – перадаў у складаныя часы ганенняў на веру, калі здавалася, што Евангелле больш ніколі не будзе абвяшчацца на нашай зямлі, – сказаў арцыбіскуп. – Гэтая надзея падтрымлівала наш народ і вяла да свабоды веравызнання. Мы яе атрымалі, але і сёння не можам спаць спакойна, бо плыні секулярызацыі, маральнага рэлятывізму і этычнага лібералізму вядуць чалавека не да Бога, а ад Бога. Сёння, у эпоху постмадэрнізму, абвяшчаецца абсалютная свабода без адказнасці. Гэта ідэалогія адкідвае Божы закон і маральныя нормы, бо яны нібыта перашкаджаюць свабодзе чалавека”.

“Куды мы ідзём? На якіх прынцыпах будуем сваю будучыню і маральнае жыццё ў гэтай складанай сітуацыі? Да каго звяртаемся? Святы Ян Павел II кажа, што адзіная надзея для сучаснага свету – Божая міласэрнасць. Яна была адзінай надзеяй у часы ганенняў на веру і такой застаецца ў наш час”, – сказаў арцыбіскуп.

Да Бога і да благаслаўлёнага Міхала іерарх звярнуўся з наступнымі словамі: “Наш зямляк і нябесны заступнік, благаслаўлёны Міхал Сапоцька, выпрасі ў Бога ласку, каб культ Яго міласэрнасці далей распаўсюджваўся па ўсім свеце і каб кожны чалавек меў адвагу кінуцца ў яе акіян. Бязмежны ў сваёй міласэрнасці Божа, заступніцтвам благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ахіні сваёй міласэрнасцю кожнага з нас, нашу Бацькаўшчыну і ўвесь свет, каб мы маглі будаваць цывілізацыю любові, міру і жыцця на гэтай зямлі на славу Божую і дзеля збаўлення чалавецтва”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі