
У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю лютага. Гэтыя матэрыялы знаёмяць з працай сінадальных камісій па справах духавенства і па справах кансэкраванага жыцця.
Старшыня камісіі па справах духавенства – а. Андрэй Шчупал CSsR.
Старшыня камісіі па справах кансэкраванага жыцця – а. Аляксандр Махнач SP.
Малітва ў інтэнцыі Сіноду:
Духу Святы, Божа,
Ты вядзеш і ажыўляеш Касцёл, Абранніцу Хрыста.
Просім Цябе праз Першы Сінод нашай дыяцэзіі аднавіць і асвяціць Касцёл на Гродзеншчыне.
Просім Твайго святла. Прыйдзі і заставайся з намі.
Умацоўвай нашага біскупа Уладзіміра,
прэзбітэраў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, адказных за справу Сіноду.
Марыя, Маці Міласэрнасці, святы Казімір, святы Максіміліян, усе святыя і благаслаўлёныя гродзенскай зямлі – маліцеся за нас.
Што такое Сінод?
Дыяцэзіяльны Сінод — гэта дарадчы сход біскупа, група абраных членаў дыяцэзіі, якія, працуючы ў камісіях, дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў прыняцці рашэнняў, якія тычацца Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп заахвочвае ўсіх вернікаў выслухаць прапановы сінадальных камісій па важных для нашай дыяцэзіі пытаннях, а таксама падзяліцца сваім меркаваннем на хвалюючыя тэмы.
Мы верым, што праз Сінод Святы Дух звяртаецца да нашага мясцовага Касцёла і кіруе ім.
Сінадальная камісія па справах духавенства
Месяц таму сінадальная камісія па справах сям’і падзялілася з намі вынікамі сваёй працы па пытаннях сямейнага жыцця. Святы Ян Боско сказаў: найвялікшы дар, які Бог мог даць сям’і, – гэта пакліканне да святарства. Ёсць думка, што калі сын пакідае бацькоў, каб пайсці за голасам паклікання, то сам Езус займае ў сям’і яго месца.
Таму сінадальная камісія па справах духавенства хоча сёння звярнуць нашу ўвагу на святарства і яго ролю ў жыцці мясцовага Касцёла, сям’і і кожнага хрысціяніна.
Перш за ўсё мы павінны паставіць пытанне: хто такі святар і якая яго місія?
Праз сакрамэнт хросту ўсе вернікі ўдзельнічаюць у святарстве Хрыста. Гэта называецца ўдзелам ва ўсеагульным святарстве вернікаў. У адрозненне ад усеагульнага паклікання да святарства ёсць іншае вымярэнне святарства – гэта святарства сакрамэнтальнае, або службовае і іерархічнае. Яно перадаецца праз сакрамэнт пасвячэння, а яго місіяй з’яўляецца выкананне служэння ў супольнасці Касцёла ад імя і ў асобе Хрыста як Галавы Касцёла.
Яшчэ з хрысціянскай старажытнасці касцёльная практыка дакладна акрэсліла тры ступені сакрамэнту святарскага пасвячэння: дыяканат, прэзбітэрат і біскупства.
Сёння Касцёл навучае нас, што біскупства і прэзбітэрат – дзве ступені ўдзелу ў святарстве Хрыста, а дыяканат – ступень служэння.
Дыяканы прызначаны для дапамогі біскупам і прэзбітэрам. Такім чынам, паняцце “святар” (sacerdos) адносіцца толькі да біскупаў і прэзбітэраў, але не да дыяканаў.
Вялікі Божы дар, які мы атрымліваем у сакрамэнце пасвячэння, адначасова звязаны з задачай, якую Пан Езус вызначае для сваіх вучняў. Дзякуючы сакрамэнту пасвячэння кожны святар становіцца “другім Хрыстом” (alter Christus). Таму святар з’яўляецца прадстаўніком Бога перад людзьмі, а таксама прадстаўніком людзей перад Богам. Ён быў абраны і пасвячаны Богам, каб раздаваць Яго дары і весці людзей да збаўлення. Ён павінен вучыць праўдам веры, быць распарадчыкам святых сакрамэнтаў, служыць людзям дапамогай у духоўным жыцці. Святар моліцца і штодзённа здзяйсняе святую Імшу, злучаючы людзей з Богам.
Сінадальная камісія падрабязна разгледзела гэтыя абавязкі святара.
Камісія звярнула ўвагу на значэнне і неабходнасць асобных аскетычных практык у жыцці кожнага святара, на якія ўказвае Касцёл. Імі з’яўляюцца малітва Брэвіярыя, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, абвяшчэнне Божага слова і катэхетычнае навучанне дзяцей і падлеткаў.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас апостальскага візіту ў Польшчу 25 мая 2006 г. у Варшаве нагадаў святарам пра веліч іх паклікання: “Вы былі ўзяты з людзей, устаноўлены ў справах, якія датычацца Бога, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі (пар. Гбр 5, 1). Верце ў сілу вашага святарства! Дзякуючы прынятаму сакрамэнту вы тыя, кім цяпер з’яўляецеся. Кажучы словы “я адпускаю табе грахі” або “гэта Цела Маё”, вы робіце гэта не ад свайго імя, а ад імя Хрыста (in persona Christi), які пажадаў выкарыстаць вашыя вусны і рукі, вашу ахвярнасць і талент. Праз літургічны знак ускладання рук у абрадзе пасвячэння Хрыстус узяў вас пад сваю асаблівую апеку. Вы схаваныя ў Яго руках і ў Яго сэрцы. Ахініце сябе любоўю Бога і аддайце Богу сваю любоў! І з таго часу, як вашыя рукі былі памазаны алеем, знакам Святога Духа, яны былі прызначаны для служэння Пану ўжо як Яго рукі ў сучасным свеце. Яны больш не могуць служыць эгаізму, а павінны несці ў свет сведчанне пра любоў самога Бога”.
Мы таксама добра ведаем тыя кранальныя словы, якія святы Ян Павел II у пасланні да святароў укладвае ў вусны Хрыста: “Мне патрэбны твае рукі, каб працягваць благаслаўляць. Мне патрэбны твае вусны, каб не перастаць гаварыць. Мне трэба тваё цела, каб не перастаць прымаць пакуты. Мне трэба тваё сэрца, каб не перастаць любіць. Мне трэба працягваць збаўляць”.
Здольнасць выконваць святарскія функцыі і плённае апостальства патрабуе ад святара трывалага з’яднання з Езусам Хрыстом, поўнай залежнасці ад Касцёла, духу ахвярнасці, святасці жыцця і захавання цэлібату (бясшлюбнасці).
Сінадальная камісія правяла падрабязны аналіз асобных аспектаў святарскага служэння і акрэслівае, што вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі па сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара не патрабуецца быць экспертам у пытаннях эканомікі, будаўніцтва або палітыкі. Чакаецца, што ён стане экспертам у духоўным жыцці.
Кожны святар звязаны з супольнасцю ў дваякім значэнні: як той, хто ўзяты з народу, і як той, хто чэрпае з супольнасці. Святар служыць вернікам, і яны клапоцяцца пра яго ўтрыманне. Вернікі таксама пакліканы маліцца за сваіх святароў.
Да прыроды святарскага служэння адносіцца і тое, што яго нельга выконваць у адзіночку; яно мае калегіяльны характар. Справа ў тым, што ў сакрамэнце пасвячэння прэзбітэр уключаны ў калегію з іншымі прэзбітэрамі, каб быць у адзінстве са сваім біскупам, а біскуп у сваю чаргу ўключаны ў калегію біскупаў, каб быць у адзінстве са Святым Айцом – Біскупам Рыма. Таму прэзбітэр і біскуп не могуць дзейнічаць асобна адзін ад аднаго.
Таму сінадальная камісія па справах духавенства падкрэслівае, што сёння існуе неабходнасць будавання супольнасці і братняга супрацоўніцтва святароў на ўзроўні парафій, дэканатаў і дыяцэзіі.
Камісія таксама падкрэсліла, што існуе неабходнасць адказнасці і большага клопату святароў і вернікаў аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. У парафіях дыяцэзіі, асабліва кожны першы чацвер месяца, варта праводзіць набажэнства і эўхарыстычную адарацыю ў інтэнцыі новых пакліканняў, а ў спецыяльна вызначаныя дні разам маліцца за памерлых святароў.
Напрыканцы паставім пытанні, на якія адкажам сабе ў цішыні:
Якую ролю ў нашым жыцці адыгрывае кожны святар?
Ці дзякую я Хрысту Першасвятару за дар паклікання і святарства майго парафіяльнага святара/святароў?
Якім чынам я магу дапамагаць святарам у рэалізацыі іх паклікання?
Сінадальная камісія па справах кансэкраванага жыцця
“Стан жыцця, які ўзнікае праз прыняцце евангельскіх парадаў, хоць і не адносіцца да іерархічнай структуры Касцёла, усё ж неад’емна належыць да яго жыцця і святасці”, — гаворыцца ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл у сучасным свеце (Lumen gentium).
“З першых часоў у Касцёле былі мужчыны і жанчыны, якія імкнуліся праз выкананне евангельскіх парадаў з большай свабодай ісці следам за Хрыстом і больш верна наследаваць Яго, і кожны з іх на свой лад вёў жыццё, прысвечанае Богу. Многія з іх па натхненні Духа Святога жылі ў самоце пустэльніцтва або заснавалі рэлігійныя сем’і (манаскія ордэны, кангрэгацыі, таварыствы апостальскага жыцця), якія Касцёл прыняў і зацвердзіў сваёй уладаю” (Perfectae caritatis, 1).
Дыяцэзіяльны біскуп заўсёды імкнецца распазнаць новыя дары прысвечанага Богу жыцця, спасланыя Духам Святым свайму Касцёлу, а зацвярджэнне новых формаў кансэкраванага жыцця з’яўляецца прэрагатывай Апостальскай Сталіцы.
Манаскае жыццё ў супольнасці вынікае з таямніцы Касцёла. Яно з’яўляецца дарам, які Касцёл атрымлівае ад свайго Пана і які ўдзяляецца пакліканаму Богам верніку ў якасці трывалага жыццёвага стану праз дадзеныя гэтым вернікам абяцанні захоўваць евангельскія парады. Такім чынам Касцёл можа адначасова выяўляць Хрыста і прызнаваць сябе Нявестаю Збаўцы. Манаства ў яго разнастайных формах паклікана быць знакам самой Божай любові, выказанай на мове свайго часу.
Усе кансэкраваныя асобы належаць да супрацоўнікаў дыяцэзіяльнага біскупа ў яго пастырскай місіі. Заснаванне і місійнае пашырэнне Касцёла з самага пачатку евангелізацыі мае патрэбу ў прысутнасці манаства ва ўсіх ягоных формах. Гісторыя пацвярджае вялікія заслугі манаскіх сем’яў у распаўсюджванні веры і стварэнні новых супольнасцей Касцёла — ад старажытных манаскіх інстытутаў і сярэднявечных ордэнаў да сучасных кангрэгацый і таварыстваў апостальскага жыцця.
У складаны перыяд пасля 1991 года, калі ў новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі адчуваўся недахоп святароў, на дапамогу прыйшлі мужчынскія і жаночыя манаскія супольнасці, якія займаліся пастырскай і катэхетычнай дзейнасцю, што ў значнай ступені спрыяла адраджэнню Касцёла на Гродзеншчыне.
Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі нясуць служэнне каля 40 законных святароў і больш за 100 законных братоў і сясцёр. Служэнне многіх ордэнаў і кангрэгацый працягвае ўзбагачаць парафіяльныя супольнасці дыяцэзіі. У адпаведнасці з харызмай заснавальнікаў яны працягваюць місію сваіх папярэднікаў. Трэба адзначыць, што манаскія супольнасці цікавяцца жыццём дыяцэзіяльнага Касцёла і актыўна ўдзельнічаюць у ім. Манаскія інстытуты займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, іх члены ўдзельнічаюць у дэканальных і дыяцэзіяльных сустрэчах. Таму евангельская сувязь паміж Касцёлам на Гродзеншчыне і кансэкраваным жыццём моцная і жывая. Сінадальная камісія па справах кансэкраванага жыцця жадае прыкласці ўсе намаганні для ўмацавання і развіцця гэтай сувязі — дзеля дабра дыяцэзіі, кансэкраваных асобаў і ўсяго Касцёла.
Члены камісіі таксама разглядаюць пытанні аб тым, што могуць сёння кансэкраваныя асобы прапанаваць Касцёлу на Гродзеншчыне, падкрэсліваюць сучасныя выклікі і прапануюць новыя рашэнні праблем, якія патрабуюць змен. Дзеля духоўнага дабра Касцёла на Гродзеншчыне мэтазгодна было б з дазволу Апостальскай Сталіцы стварыць кантэмпляцыйны кляштар. Праз самотнасць і цішыню, слуханне Божага слова, цэлебрацыю літургіі, практыку асабістай аскезы, малітву і братэрскае адзінства пакліканыя да іх маглі б даць мясцоваму Касцёлу асаблівае сведчанне любові да Пана і чалавека і выпрасіць ласкі, неабходныя для пастырскага служэння.
Дар кансэкраванага жыцця ва ўсёй разнастайнасці яго харызм і інстытутаў — вялікае дабро і скарб для ўсяго Паўсюднага Касцёла. Служэнне манаскіх асобаў трывала прысутнічае ў розных сферах.
На святой Імшы ў межах агульнадыяцэзіяльнага святкавання Дня кансэкраванага жыцця 4 лютага 2026 г. біскуп Гродзенскі Уладзімір звярнуўся да кансэкраваных асобаў з наступнымі словамі: “Не бойцеся згараць. Не бойцеся аддаваць сябе. Не бойцеся, што свет не заўсёды зразумее вас. Бо святло не для таго, каб яго разглядалі, а для таго, каб яно асвятляла шлях. З удзячнасцю і пакорай прашу: не дазвольце, каб ваш агонь патух”.
Дарагія браты і сёстры! Падчас прац Першага дыяцэзіяльнага Сіноду заклікаем усіх вернікаў горача маліцца аб тым, каб манаскія асобы паглыблялі сваё разуменне харызматычнай прыроды манаскага жыцця і яго апостальскага вымярэння, каб як мага лепей служыць Паўсюднаму Касцёлу і нашаму дыяцэзіяльнаму Касцёлу.
Напрыканцы паставім пытанні, на якія адкажам сабе ў цішыні:
Як я разумею ролю манаскага жыцця ў Рыма-Каталіцкім Касцёле?
Якія формы манаскага жыцця я лічу найбольш важнымі для нашага мясцовага Касцёла?
Якім чынам я магу дапамагаць манахам і манахіням у рэалізацыі іх паклікання?
Божае слова на VI Звычайную нядзелю
Першае чытанне: Сіраха 15, 15-20
Другое чытанне: 1 Карынцянам 2, 6-10
Евангелле: Мацвея 5, 17-37
Бог стварыў і паклікаў нас жыць у Яго мудрасці, што праяўляецца ў жыцці чалавека паводле Божых запаведзяў. Жыццё паводле Божых запаведзяў – дабравольны выбар чалавека, як дабравольным з’яўляецца выбар таго, хто пакліканы да святарства і манаства.
Гэты выбар робіць нас сапраўды шчаслівымі, каб мы жылі ўжо не для сябе, а дзеля таго, “чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго”.






