
11 лютага ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адзначылі Сусветны дзень хворага, які штогод святкуецца ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда. Імшу ў мясцовым Доме міласэрнасці, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Прысутнічалі святары Шчучынскага дэканату, жыхары і супрацоўнікі Дома міласэрнасці. Генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці с. Фаўстына Цыдзік, вітаючы прысутных, адзначыла, што Дзень хворага, устаноўлены ў 1992 г. святым Янам Паўлам ІІ, нясе святло надзеі тым, хто пакутуе ад хваробаў.
На літургіі маліліся за хворых, перш за ўсё за жыхароў каменскага Дома міласэрнасці, яго супрацоўнікаў і медперсанал.

Біскуп у гаміліі сказаў, што пакуты – “неад’емны спадарожнік чалавечага жыцця” і што яны “могуць узбагаціць нас, але таксама могуць зламаць і знішчыць”. “Кожныя пакуты і хваробы нагадваюць пра нашу бездапаможнасць, абмежаванасць і смяротнасць”, – адзначыў ён.
“Хвароба можа прывесці да трывогі, страху, часам нават да роспачы і бунту супраць Бога, але таксама можа быць шляхам да большай сталасці, дапамагаючы нам лепш распазнаць няважнае ў нашым жыцці і звярнуцца да таго, што важна – да Бога. Вельмі часта хвароба натхняе нас шукаць Бога і вяртацца да Яго. Пакуты – гэта не пакаранне, а выклік, які – перажыты з верай – заўсёды набліжае нас да Бога”, – дадаў біскуп.
Ён нагадаў, што “кожны мае права наблізіцца да Езуса ў святой Камуніі”, і сказаў жыхарам Дома міласэрнасці: “Вы таксама маеце такую цудоўную магчымасць прыйсці ў гэтую капліцу на малітву, спыніцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, расказаць Нябеснаму Лекару пра свае праблемы і трывогі, просячы патрэбных вам ласкаў. Бо Бог, у якога мы верым – наш Збаўца, Езус Хрыстус, – слухае кожнага, хто звяртаецца да Яго, і нікому не адмаўляе ў сваёй дапамозе”.
Паколькі на літургіі ўдзяляўся сакрамэнт намашчэння хворых, біскуп адзначыў, што ў гэтым сакрамэнце “Хрыстус праз Святога Духа яднае нас з Сабой і дае ўдзел у Сваіх збаўчых пакутах і смерці”. “Такім чынам, хворы чалавек, злучаны з Хрыстом, удзельнічае ў Яго збаўчай ахвяры і супрацоўнічае з Ім у збаўленні свету. Сваімі ласкамі Хрыстус таксама дапамагае чалавеку цярпліва несці крыж хваробы. У гэтым сакрамэнце Збаўца вылівае на хворага ласку, неабходную для аздараўлення духоўных і фізічных немачаў, а таксама даруе грахі, калі ў іх шчыра пакаяліся”, – патлумачыў іерарх.

“Адкрыйцеся на Езуса – Лекара душы і цела, – заахвоціў біскуп тых, хто прымаў намашчэнне хворых. – Няхай Ён увойдзе ў вашу адзіноту і пакуты, якія не бессэнсоўныя, а з’яўляюцца ўдзелам у Хрыстовым крыжы. Хрыстус, які сам пакутаваў, знаходзіцца бліжэй за ўсё да вас, прыносячы палёгку і сілу, і праз гэты сакрамэнт дае ласку аздараўлення як душы, так і цела”.
Біскуп падзякаваў хворым за “штодзённую барацьбу з хваробамі і пакутамі”, папрасіў іх “працягваць умацоўваць супольнасць Касцёла і нашае грамадства сведчаннем сваёй непахіснай веры” і “абвяшчаць збаўчую сілу Хрыста”.
Нагадваючы, што ў люрдскіх аб’яўленнях у 1858 годзе Маці Божая “заклікала да малітвы, пакаяння і больш глыбокіх адносін з Езусам”, іерарх заахвоціў “даверыць усё Богу, які лепш ведае, што нам патрэбна”, і “будаваць сапраўдныя адносіны з Ім у малітве”. Біскуп даручыў удзельнікаў літургіі Маці Божай Люрдскай і пажадаў, каб Яна падтрымлівала іх веру і надзею і суцяшала ў хвіліны сумненняў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






