Skip to main content

У Гродне прайшло агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Дня кансэкраванага жыцця

IMG 0202

4 лютага ў Гродне прайшло агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які паводле прынятага ў 1997 годзе рашэння Папы Яна Паўла ІІ адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана.

Прысутнічалі кансэкраваныя асобы з усёй тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Мерапрыемства пачалося ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі канферэнцыяй “Вернасць Езусу ў манаскім жыцці” з якой выступіў кс. Валерый Пупкевіч SСJ. Сярод іншага святар сказаў, што фундамент вернасці – сувязь чалавека з Богам, якая ў сваю чаргу нараджае вернасць свайму пакліканню.

Затым быў час на індывідуальную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Кульмінацыяй святкавання была Імша ў катэдры св. Францішка Ксаверыя, якую цэлебраваў у інтэнцыі кансэкраваных асобаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі біскуп сказаў, што ў Дзень кансэкраванага жыцця “Касцёл з асаблівай удзячнасцю, пашанай і любоўю глядзіць на тых, хто аддаў усё сваё жыццё Богу без рэшты, без умоваў, без вяртання назад”. Працэсію са свечкамі, якой пачалася Імша, іерарх назваў “глыбокім вызнаннем веры, бачным сведчаннем унутранай паставы сэрца і адначасова сімвалам усяго паклікання кансэкраваных асобаў”, якія “выйшлі насустрач Пану, як некалі Сімяон і Ганна выйшлі насустрач Месіі”.

IMG 0094

Каментуючы літургічныя чытанні свята Ахвяравання Пана, біскуп адзначыў: “Бог прыходзіць у Сваю святыню не ў ззянні зямной славы, не ў шуме і трыумфе, а ў цішыні, у слабасці, у постаці Дзіцяці, якое патрабуе, каб Яго ўзялі на рукі”. Іерарх дадаў, што Бог даручае Сябе чалавеку – як даручаў Панне Марыі і Юзафу, Сімяону і Ганне, так даручае і кансэкраваным асобам, “бо кожнае пакліканне азначае ў нейкім сэнсе ўзяць Бога на рукі свайго жыцця, прыняць Яго лёс як уласны”.

Біскуп звярнуў увагу на тое, што “Бог не застаецца далёкім, не глядзіць на свет з вышыні – Ён уваходзіць у самую глыбіню чалавечай долі” і што кансэкраванае жыццё – “не ўцёкі ад свету, пошук зручнага, “бяспечнага” месца, а рашэнне ісці туды, куды ідзе Хрыстус, быць там, дзе чалавеку цяжка, балюча, цёмна, безнадзейна”.

Тлумачачы словы Сімяона з літургічных чытанняў: “Гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі… А праз Тваю душу пройдзе меч”, біскуп адзначыў, што тут “яшчэ адна глыбокая праўда пра пакліканне: сустрэча з Хрыстом – гэта заўсёды не толькі суцяшэнне, але і крыж, не толькі святло, але і боль, не толькі захапленне, але і ахвяра”.

“Вы – як тыя свечкі, якія сёння трымалі ў руках: можа, невялікія, можа, кволыя, але без іх святыня была б цямнейшая, – сказаў біскуп кансэкраваным асобам. – Вы атрымалі свой агонь ад Хрыста. І вы не захоўваеце яго для сябе. Вы дазваляеце яму асвятляць свет нават коштам вас саміх. (…) Кансэкраванае жыццё – гэта не “дадатак” да Касцёла. Гэта яго прарочы знак. Знак таго, што Бог варты ўсяго. Што вечнасць існуе. Што не толькі бачнае мае значэнне. Вы нагадваеце свету, што чалавек створаны не толькі для працы, не толькі для спажывання, не толькі для поспеху, але перш за ўсё – для Бога. Вы памяць Касцёла пра тое, што Бог варты ўсяго. Вы жывое пытанне, якое Касцёл задае свету: “Што для цябе самае важнае?” Вы ціхі, але магутны знак таго, што не толькі хлебам жыве чалавек”.

Ад імя Касцёла на Гродзеншчыне біскуп падзякаваў кансэкраваным асобам і заклікаў іх: “Не бойцеся згараць. Не бойцеся аддаваць сябе. Не бойцеся, што свет не заўсёды зразумее вас. Бо святло не для таго, каб яго разглядалі, а для таго, каб яно асвятляла шлях. З удзячнасцю і пакорай прашу: не дазвольце, каб ваш агонь патух”.

Паколькі на гэтай Імшы кансэкраваныя асобы аднаўлялі манаскія абяцанні, біскуп сказаў: “Можа, хтосьці з вас сёння адновіць іх са стомленым сэрцам. Але Бог глядзіць не вачыма рахунку, не падлічвае вашыя поспехі і паразы, а глядзіць на вас вачыма любові і кажа: “Ты Мой, Ты Мая”. Бо для Яго гэта не фармальнасць. Гэта сустрэча Жаніха з тымі, каго Ён выбраў, сустрэча Настаўніка з тымі, каго Ён паклікаў”.

Як паведамляецца, аднаўляючы манаскія абяцанні, “кансэкраваныя асобы, якія з вялікай адданасцю і руплівасцю служаць на Гродзеншчыне, маглі нагадаць самім сабе і супольнасці Касцёла, што ў таямніцы прысвячэння сябе Богу сталі “жывым знакам ласкаў будучага ўваскрасення” (Vita consecrata, 111)”.

IMG 0229

У канцы літургіі а. Аляксандр Махнач SP, дарадчык у Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, ад імя кансэкраваных асобаў падзякаваў біскупу за клопат аб манаскіх супольнасцях у дыяцэзіі і за малітву ў іх інтэнцыі.

Манахі ўручылі манахіням ружы як знак Божай любові ў кансэкраваным жыцці.

Біскуп яшчэ раз звярнуўся да кансэкраваных асобаў, сказаўшы: “Ваша пакліканне сёння гучыць як ціхае, але моцнае прароцтва” (адзначым, што тэма сёлетняга Дня кансэкраванага жыцця — “Прароцтва прысутнасці: кансэкраванае жыццё там, дзе парушаецца годнасць і выпрабоўваецца вера”).

“Калі свет расколваецца, калі чалавечая годнасць зневажаецца, а вера аслабляецца страхам і стомай, Бог застаецца прысутным – і часта робіць гэта праз вас”, – дадаў біскуп. Па яго словах, у свеце, дзе “войны і канфлікты, несправядлівасць і беднасць, крызіс веры, стома і разгубленасць”, кансэкраваныя асобы пакліканы “трываць” – значыць “быць вернымі там, дзе лёгка адступіць; маліцца там, дзе, здаецца, няма слоў; служыць там, дзе не відаць плёну”. Іерарх пажадаў, каб іх вернасць манаскім абяцанням і штодзённае “так” Богу былі “святлом для тых, хто згубіў арыенціры, і жывым напамінам: Бог не пакідае чалавека нават у самыя цяжкія часы”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі