
24 студзеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылося экуменічнае набажэнства, праведзенае ў межах штогадовага Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў.
Набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, удзельнічалі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-Лютэранскай Царквы, Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова”.
Біскуп Гродзенскі, вітаючы прысутных, сказаў, што задача хрысціян – імкненне да страчанага адзінства, паколькі жаданне Езуса Хрыста – каб усе Яго вызнаўцы былі адно.
Да ўдзельнікаў набажэнства звярнуліся прадстаўнікі канфесій. Было прачытана слова праваслаўнага епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, у якім адзначалася: “Знаходзячыся побач, мы можам як ясней усведамляць знешнія працэсы, якія адбываюцца ў свеце, так і вастрэй адчуваць рухі і перажыванні нашых сэрцаў па актуальных праблемах і выкліках”.
Іерарх звярнуў увагу на тое, што сёння, як і ў зямныя гады жыцця Езуса, хрысціянства застаецца рэлігіяй, якая пераследуецца найбольш, і што, “захоўваючы сваё дагматычнае вучэнне, літургічныя асаблівасці, маральныя каштоўнасці і духоўныя традыцыі, хрысціянскія канфесіі могуць і павінны аб’ядноўваць свае намаганні для сведчання аб Евангеллі Хрыстовым, сумесна адказваючы на выклікі сучаснага свету”. Плённае супрацоўніцтва канфесій, па словах епіскапа, магчыма ў справах адстойвання традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей у жыцці грамадства, абароны правоў хрысціян, міратворчай дзейнасці, вырашэння актуальных праблем, разумення свабод і правоў.
Пастар Евангелічна-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў заўважыў: “Мы ўсе члены аднаго Цела Хрыста. І нашая сіла, напэўна, не ў падабенстве, а ў тым, як Дух Святы выкарыстоўвае нашую мазаічнасць для служэння міру”.
“Мы, прадстаўнікі розных канфесій, напэўна, адчуваем Святога Духа ў нашай агульнай малітве, калі молімся разам, выходзячы за межы нашых традыцыйных канфесіянальных межаў, – сказаў пастар. – Наша надзея – Хрыстус, які абяцаў, што дзе двое ці трое сабраны ў Яго Імя, там і Ён сярод іх. Няхай нашы багаслоўскія дыскусіі, які мы вядзём паміж усімі нашымі канфесіямі, служаць не для таго, каб спрачацца, а каб зразумець, як мы, розныя канфесіі, можам разам быць сведчаннем для свету”.

Пастар Царквы поўнага Евангелля “Жывое Слова” Віктар Сцяпко адзначыў, што, як бачна ў Святым Пісанні, Езус “маліўся аб адзінстве тых, хто верыць, а значыць, і нас сёння, а таксама сказаў, што ключ да веры, да выратавання свету – у адзінстве хрысціян”.
Пастар прапанаваў задумацца над тым, ці будзе на нябёсах асобнае служэнне для католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, і звярнуў увагу на тое, што адзінства не азначае быць аднолькавымі, не азначае, што адзін павінен быць такім, як другі. Найбольш важным, па словах пастара, з’яўляецца адзінства ў любові. “Галоўнае – каб мы любілі Нябеснага Айца, любілі адзін аднаго”, – сказаў ён і дадаў, што ў грамадстве, дзе было б так, прыемна было б жыць.
Святар Грэка-Каталіцкай Царквы а. Андрэй Крот, кажучы, што дэвіз сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў гаворыць пра надзею (“Адно Цела. Адзін Дух. Адна надзея”, пар. Эф 4, 4) і што надзеі быў прысвечаны ў Касцёле Юбілейны 2025 год, адзначыў: “Я заўважыў, што да надзеі ў свеце ставяцца скептычна”. “Мы спадзяёмся, што ўсё ў нашым жыцці будзе добра, але гэта не заўсёды “збываецца”, – дадаў святар. – Бачна на жыццёвых прыкладах, што калі чалавек мяне падводзіў, то ў мяне ўжо няма асаблівай надзеі, што ён нешта зробіць гэтым разам”.
“Калі мы ўскладаем надзею на Хрыста, то які можа быць сумнеў, што яна здзейсніцца? – сказаў айцец Андрэй. – Молячыся аб адзінстве хрысціянаў, давайце ўскладаць надзею на Госпада. Надзею, што Ён знішчыць падзелы, якія існуюць. Не ведаем, калі, але ведаем, што Ён гэта выканае”.
Біскуп Уладзімір Гуляй сказаў: “Сёння мы хочам злучыць нашы слабыя чалавечыя галасы з магутнасцю малітвы Хрыста, з верай, пакорай і даверам просячы нашага Айца, які ў небе, аб дары адзінства для нас, якія сталі Яго дзецьмі. Наша малітва – не плён якойсьці сучаснай тэалагічнай арыгінальнасці ці цяперашняй інтэлектуальнай моды. Тэма адзінства глыбока ўкаранёна ва ўсёй біблійнай традыцыі, якая з’яўляецца фундаментам хрысціянскай веры”.
Біскуп звярнуў увагу на матывы, якія можна заўважыць у тых тэкстах Святога Пісання, якія звязаны з тэмай адзінства. Па-першае, “адзінства ў міжчалавечых адносінах крохкае і амаль безабароннае, пастаянна знаходзіцца пад пагрозамі, найвялікшая з якіх – чалавечы грэх”: “Кожны раз, калі чалавек прайграе барацьбу са спакусай і паддаецца граху, яго адносіны з іншымі людзьмі, нават самымі блізкімі, няўхільна пагаршаюцца ці нават могуць цалкам разарвацца”. Па-другое, аднаўленне страчанага адзінства – “задача складаная, бо патрабуе ад чалавека навяртання сэрца, адмаўлення ад граху”. Па-трэцяе, “абапіраючыся выключна на ўласныя, натуральныя сілы і здольнасці, чалавек не ў стане здзейсніць гэтую справу, таму яму патрэбна звышнатуральная падтрымка ў выглядзе ласкі Бога”, які “з’яўляецца прыхільнікам адзінства і гармоніі ў адносінах паміж людзьмі”.
Біскуп адзначыў, што верш з Паслання апостала Паўла да Эфесцаў, які стаў асновай дэвізу сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, выражае ідэю адзінства з дапамогай трох словаў-ключоў: “цела”, “дух”, “надзея”. “Як розныя члены цела ўтвараюць адзін цэласны арганізм, так і хрысціяне ў разнастайнасці свайго этнічнага і нацыянальнага паходжання, традыцый, харызм і духоўных дароў, задач і функцый, якія выконваюць у супольнасцях, разам утвараюць адно цела, назва якога – Касцёл, а Галава – сам Хрыстус. З гэтай метафары адназначна вынікае, што адзінства, да якога заклікае апостал, не азначае аднастайнасці.

Разнастайнасць сама па сабе не з’яўляецца чымсьці дрэнным і не перашкаджае адзінству, пад умовай, што служыць узаемнаму дабру”, – сказаў біскуп.
Другое слова-ключ, “дух”, у значэнні “Дух Святы”, іерарх патлумачыў так: “Дух Святы вядзе Касцёл зямнымі шляхамі, дапамагае прымаць розныя канкрэтныя рашэнні, адорвае асобных хрысціян разнастайнымі харызмамі і духоўнымі дарамі, раздзяляе абавязкі і вызначае функцыі для дабра ўсёй супольнасці. Дух Святы адзін, таму, нягледзячы на разнастайнасць сваіх праяваў і дзеянняў у Касцёле, Ён забяспечвае містычнаму Целу Хрыста адзінства і чыніць так, што ўсе хрысціяне, нягледзячы на адрозненні паміж імі, злучаны сувязямі веры”.
Разважаючы пра слова “надзея”, біскуп адзначыў: “Апостал нагадвае нам, што мы ўсе як хрысціяне былі пакліканы да адной надзеі, якой з’яўляецца, відавочна, збаўленне і вечнае жыццё ў Хрысце. Гэтая эсхаталагічная перспектыва паказвае канчатковы сэнс і найглыбейшую матывацыю ўсяго хрысціянскага жыцця: мы як вызнаўцы Хрыста з’яўляемся адзінствам, бо кожны дзень крочым зямнымі шляхамі, якія – хоць яны розныя – вядуць усё да адной мэты: збаўлення і вечнага жыцця”.
“Няхай у нас не адбірае ахвоту тое, што шлях да адзінства паміж намі яшчэ доўгі і часам цяжкі. Будзем ісці гэтым шляхам з верай і адвагай, з усведамленнем, што іншага шляху проста няма”, – заклікаў біскуп.
У канцы набажэнства пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў вернікам розных канфесій, якія разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі ўзялі ўдзел у гэтай сустрэчы.
Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праводзіцца з 1968 г., праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Да экуменічных малітваў у яго межах хрысціяне розных краін штогод рыхтуюць матэрыялы – сёлета іх падрыхтавалі вернікі Армянскай Апостальскай Царквы, Каталіцкага Касцёла ў Арменіі і Евангельскай Царквы ў Арменіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






