Skip to main content

У нядзелю Божага слова біскуп Гродзенскі наведаў парафію ў Іўі

iue msza 7

У нядзелю 25 студзеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў іўеўскую парафію святых апосталаў Пятра і Паўла. Візіт адбыўся ў межах XХІII Фестывалю калядных спеваў “Gloria in excelsis Deo”, які праходзіў у гэты дзень у Іўі.

На Імшы, якую цэлебраваў біскуп, сабраліся дзеці і моладзь з парафій Іўеўскага дэканату – удзельнікі фестывалю, якіх у гэтым годзе было больш за 300. Прысутнічалі таксама вернікі Іўя, сярод духавенства былі біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка і пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску а. Юрый Кулай OCD.

Біскуп маліўся на літургіі ў інтэнцыі арганізатараў фестывалю калядных спеваў, удзельнікаў і ўсіх, хто прычыніўся да яго правядзення. Таксама ў малітве ўспомнілі былога пробашча іўеўскай парафіі кс. Яна Гавецкага, галоўнага натхняльніка фестывалю.

iue msza 11

На Імшы біскуп нагадаў, што гэты дзень адзначаецца ў паўсюдным Касцёле як нядзеля Божага слова, якую ўстанавіў Папа Францішак у 2019 годзе. Іерарх сказаў: “Гэты дзень нагадвае нам, што Бог не маўчыць, не з’яўляецца далёкім і абыякавым назіральнікам чалавечых лёсаў, а з любоўю і цярплівасцю прамаўляе да чалавека, шукае яго, кліча, уводзіць у святло праўды і жыцця”.

Біскуп падкрэсліў, што нядзеля Божага слова – “не фармальнае святкаванне, а моцны заклік: вярнуцца да крыніцы, да слухання, да таго, каб Божае слова зноў стала святлом для нашых крокаў і лямпай для нашых сцежак”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Божае слова – гэта “не толькі тэкст, які мы чытаем або слухаем: гэта сіла, якая будуе еднасць”. “Бо калі мы сапраўды слухаем Бога, мы не можам заставацца замкнёнымі ў сваім эгаізме, у сваіх крыўдах, у сваіх амбіцыях”, – дадаў ён. На думку біскупа, калядка, фестываль, свята – усё гэта прыгожа, але самае важнае пытанне ў тым, “ці сапраўды Божае слова змяняе нашае жыццё, або мы толькі слухаем яго, як прыгожую гісторыю, як культурную спадчыну, як традыцыю, якая грэе сэрца, але не патрабуе навяртання”.

Пастыр дыяцэзіі нагадаў выказванне Папы Францішака аб тым, што Святое Пісанне не можа быць “дэкорам” у хрысціянскім доме, а павінна быць той кнігай, з якой людзі жывуць, якая фармуе іх рашэнні, адносіны, выбар.

“Свет сёння не так моцна мае патрэбу ў новых ідэях, як у сведках, – сказаў біскуп. – У людзях, якія могуць сказаць: я ведаю, Каму паверыў; я ведаю, на чым стаю; я ведаю, што Божае слова – гэта не тэорыя, а жыццё. Таму няхай жа гэтая святыня ў Іўі, гэты фестываль, гэтая літургія стануць для ўсіх нас не толькі прыгожым успамінам, але паваротным пунктам, у якім мы зноў адкрыем, што без Божага слова чалавек губляе дарогу, а з Божым словам нават самая цёмная ноч становіцца дарогай да світання”.

У канцы літургіі пробашч парафіі кс. Павел Калеснік, дэкан Іўеўскага дэканату, падзякаваў біскупу за візіт, малітву і адрасаванае вернікам слова. У сваю чаргу іерарх звярнуў увагу на прыгажосць усталяваных у касцёле калядных ясляў, якія перад урачыстасцю Божага Нараджэння зрабілі для адпаведнага конкурсу дзеці разам з бацькамі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі