Skip to main content

Супрацоўнікі таварыства “Caritas” наведалі гродзенскі пансіянат

karitas 8

16 студзеня супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі наведалі Гродзенскі сацыяльны пансіянат “Сасновы бор”.

Мэтай візіту было падзяліцца цеплынёй, святлом і хрысціянскай радасцю з пастаяльцамі гэтай установы.

На сённяшні дзень у пансіянаце 83 жыхары рознага ўзросту з рознымі лёсамі, 43 з якіх не могуць самастойна рухацца. Таварыства закупіла і перадало кожнаму з іх салодкі падарунак. “Гэта былі не проста пачастункі, а сімвал увагі і клопату, знак таго, што кожны чалавек дарагі і каштоўны ў вачах Бога”, – паведамляюць прадстаўнікі “Caritas”.

Па іх словах, пажылым жыхарам пансіяната асаблівую радасць прынеслі шчырыя размовы, усмешкі і адкрытасць душаў. “На сустрэчы адчувалася, што сапраўдны падарунак — гэта прысутнасць, узаемная ўвага і братэрская любоў, – адзначаюць прадстаўнікі таварыства. – Візіт стаў нагодай падзяліцца святочным настроем з людзьмі састарэлага ўзросту і нагадаць, што нават у цяжкасцях і штодзённай руціне ёсць месца для радасці і надзеі. Кожны падарунак, кожнае слова падтрымкі і кожная ўсмешка былі сведчаннем Божай любові, якая аб’ядноўвае людзей і дае сілы жыць з годнасцю”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі