Skip to main content

Васьмідзесяцігоддзе кс. Альгісa Паўлікасa адзначылі з удзелам біскупаў у Каменцы

kamenka 29

20 студзеня ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адзначылі 80-гадовы юбілей кс. Альгіса Паўлікаса.

Ксёндз Альгіс, які нарадзіўся ў Літве, пражывае ў гэтым доме, якім кіруе Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), некалькі гадоў. Раней ён служыў у парафіях Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад).

Імшу падзякі Богу за дар жыцця ксяндза Альгіса цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, сярод прысутных святароў быў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, прысутнічалі жыхары Дома міласэрнасці, законныя сёстры, мясцовыя парафіяне.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч назваў 80 гадоў “біблейскай мерай паўнаты жыцця”: “нездарма Святое Пісанне кажа, што мера жыцця чалавека – 70 гадоў, а для моцных – 80”. Таксама ён назваў гэты юбілей нагодай “азірнуцца на пройдзены шлях не з сумам, што час бяжыць хутка, а з пачуццём здзіўлення перад справамі Бога, якія Ён здзяйсняе дзякуючы служэнню святара”.

kamenka 23

Іерарх сказаў, што ксёндз Альгіс “сеяў слова Евангелля ў радасці і ў горы”, “выходзіў сеяць, не пытаючыся, якая глеба яму сустрэнецца – камяністая, цярністая ці плённая, проста сеяў, давяраючы рост Богу”. Плёнам, па словах арцыбіскупа, сталі вернікі парафій у Літве і Беларусі, іх сем’і і супольнасці: “плён у дзецях, якіх ён хрысціў і прывёў да першай споведзі, у моладзі, якой дапамагаў знайсці сэнс жыцця, у пажылых і хворых людзях, якіх суцяшаў, у вязнях, якім пісаў лісты духоўнай падтрымкі і слаў духоўную літаратуру”; “плён – само яго жыццё, пражытае як дар”.

Арцыбіскуп адзначыў, што юбіляр здзяйсняў сваю працу “не як валадар, а як пакорны слуга, разумеючы веліч даручанага яму дару”, і што яго жыццё – “жыццё галіны, моцна злучанай з лазой – Хрыстом”: “з гэтага саюзу ён чэрпаў сілы ў хваробе, стомленасці і выпрабаваннях, з гэтага саюзу сыходзіла тая любоў, якой ён дзяліўся з вернікамі”.

“З глыбіні нашых сэрцаў сыходзіць трайная падзяка. Перш за ўсё падзяка Богу, які даў юбіляру дар жыцця і паклікаў яго да святарства. Падзяка самому айцу Альгісу за тое, што не праігнараваў гэты заклік, адказаў: “Так, Пане, вось я, пашлі мяне” і быў верны гэтаму “так” усе дні свайго жыцця. Падзяка яго бацькам, якія перадалі Божы дар жыцця, яго настаўнікам, усяму Касцёлу, якія вырасцілі ў ім гэтае пакліканне”, – сказаў арцыбіскуп.

Па яго словах, 80 гадоў – “не фінішная прамая, а новы пачатак, новы раздзел, у якім сейбіт, гледзячы на ўсходы, можа спакойна і радасна сеяць далей, бо яшчэ так шмат сэрцаў, якія не ведаюць Евангелля”.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у канцы літургіі выказаў юбіляру падзяку за адданае служэнне Касцёлу ў Літве і ў нашай краіне. Таксама ксяндза Альгіса павіншавалі каменскія вернікі, падзякаваўшы яму за прыклад святарства і за добрае сэрца.

Юбіляр падзякаваў прысутным за ўдзел у літургіі і малітву ў яго інтэнцыі. Ён адзначыў, што заўсёды адчуваў і адчувае мацярынскае заступніцтва Панны Марыі, якая вядзе яго кожны дзень жыцця, сказаў, што хоча быць добрым самаранінам, і дадаў: “Буду старацца не прапускаць ніводнай магчымасці быць міласэрным”.

Звяртаючыся да жыхароў Дома міласэрнасці, якім знаёмыя пакуты і хвароба, святар заклікаў іх ахвяроўваць усе цяжкасці Богу, каб такім чынам “уратаваць тысячы душаў”. Персаналу Дома міласэрнасці на чале з яго дырэктарам с. Фаўстынай Цыдзік, генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці, ксёндз Альгіс падзякаваў за клопат і дабрыню, якія адчувае, па яго словах, кожны дзень.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі