
17 студзеня ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбыўся канцэрт калядных песень “Калыханка для Езуса”.
Канцэрт даў вернікам магчымасць разам адчуць атмасферу Божага Нараджэння. У канцэрце ўзялі ўдзел дзеці і моладзь, якія захацелі праславіць Нараджэнне Хрыста праз музыку і слова. Гучалі як вядомыя калядныя песні, так і новыя музычныя кампазіцыі, якія, як адзначаюць у парафіі, “краналі сэрцы слухачоў і нагадвалі пра сапраўдны сэнс Калядаў — любоў, надзею і супакой”.
“Асаблівую атмасферу стварала шчырасць выканання: кожная песня была не проста музычным нумарам, а малітвай, падзякай і сведчаннем веры”, – паведамілі з парафіі. Слухачы сустракалі выступленні “з удзячнасцю, падтрымліваючы ўдзельнікаў цёплымі апладысментамі і ўсмешкамі”.
Такім чынам, парафіяльная святыня, як паведамляюць нам, “у гэтыя святочныя дні напоўнілася не толькі людзьмі, але і малітоўным спевам, радасцю і святлом”.
Арганізатары канцэрту спадзяюцца, што ён дапамог адчуць еднасць і радасць ад супольнага святкавання Калядаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






