
У сувязі з тым, што зараз праходзіць І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, дэвіз якога “Жыць Евангеллем”, прапануем вашай увазе матэрыялы на сінадальную нядзелю студзеня. Гэтыя матэрыялы тлумачаць сутнасць Сіноду і яго ролю ў мясцовым Касцёле, а таксама знаёмяць з працай сінадальных камісій агульнага і спецыяльных душпастырстваў і душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця.
Старшыня камісіі агульнага і спецыяльных душпастырстваў – кс. Валерый Лісоўскі.
Старшыня камісіі душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця – кс. канонік Віталій Сідорка.
Малітва ў інтэнцыі Сіноду:
Духу Святы, Божа,
Ты вядзеш і ажыўляеш Касцёл, Абранніцу Хрыста.
Просім Цябе праз Першы Сінод нашай дыяцэзіі аднавіць і асвяціць Касцёл на Гродзеншчыне.
Просім Твайго святла. Прыйдзі і заставайся з намі.
Умацоўвай нашага біскупа Уладзіміра, усіх адказных за справу Сіноду, прэзбітэраў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.
Давяраем Табе ўсе справы, намаганні і намеры, звязаныя з Сінодам.
Дзейнічай у нас, каб мы ажыццявілі гэту справу на хвалу Бога, нашага Айца, і Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету.
Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Што такое Сінод?
Калі звяртацца да этымалогіі гэтага слова, то на грэцкай мове яно азначае “спусціцеся ўніз і ідзіце супольнай дарогай”. У тэрміналогіі Касцёла ўжо з ІІ стагоддзя слова “сінод” набыло рэлігійнае значэнне – як сход і прыняцце агульнага шляху дзеяння на карысць мясцовых Касцёлаў, якія знаходзіліся ў адзінстве з Паўсюдным
Касцёлам. Рашэнні першых хрысціянскіх Сінодаў мелі абавязковы характар і ўплывалі на жыццё дыяцэзій.
Якая мэта Сіноду?
На аснове нормаў Кодэкса кананічнага права і вопыту, назапашанага ў перыяд пасля прыняцця Кодэкса, Кангрэгацыя па справах біскупаў і Кангрэгацыя па справах евангелізацыі народаў 19 сакавіка 1997 года апублікавалі інструкцыю “De Synodis dioecesanis agendis”, у якой ёсць важныя ўказанні пра мэты дыяцэзіяльных Сінодаў:
аднаўленне рэлігійнага жыцця душпастырства і заканадаўства ў дыяцэзіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Другога Ватыканскага Сабору;- аказанне святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі дапамогі дыяцэзіяльнаму біскупу ў вырашэнні задачы кіравання дыяцэзіяй, а перш за ўсё – у выкананні заканадаўчай улады;
заклік да ўсіх вернікаў дыяцэзіі быць адказнымі за агульнае дабро Касцёла на Гродзеншчыне і клапаціцца пра справы Касцёла.
Як праходзіць Сінод?
Біскуп зацвярджае склад сінадальных камісій, якія падрыхтоўваюць асноўныя пытанні і вызначаюць праблематыку Сіноду. Праводзіцца апытванне і збор меркаванняў вернікаў па асобных пытаннях. Кожная камісія падрыхтоўвае і накіроўвае ў дэканальныя камісіі Сіноду працоўны статут. Праекты статутаў накіроўваецца біскупу дыяцэзіі, які разам з галоўнай камісіяй зацвярджае гэтыя статуты і дае дазвол на друк сінадальных дакументаў.
Задача ж святароў і свецкіх вернікаў, якія ўдзельнічаюць у дыяцэзіяльным Сінодзе, – падрыхтаваць яго статуты праз дасведчанасць, інфармацыю, меркаванне – тое, што называецца дарадчым голасам.
Святарам і вернікам падчас Сіноду належыць важны дарадчы голас. Гэта іх добразычлівая і кампетэнтная парада, а таксама правільнае меркаванне, што папярэднічае дакладнаму і ўсебаковаму вывучэнню сітуацыі.
На якім этапе зараз знаходзіцца дыяцэзіяльны Сінод?
За тыя гады, на працягу якіх дзейнічае дыяцэзіяльны Сінод, быў падрыхтаваны яго працоўны статут і сабраны анкеты ад некаторых вернікаў і дэканальных камісій.
Цяпер вядуцца заключныя працы па зацвярджэнні і выданні афіцыйнага статута.
У касцёлах дыяцэзіі кожную трэцюю нядзелю месяца да 16 лістапада (урачыстасці Маці Божай Міласэрнасці) будзе праходзіць азнаямленне з вынікамі працы кожнай сінадальнай камісіі.
Сёння мы ў агульных рысах даведаемся пра працу камісіі агульнага і спецыяльных душпастырстваў і камісіі душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця.
Камісія агульнага і спецыяльных душпастырстваў.
Гэта камісія займаецца акрэсленнем плённай душпастырскай дзейнасці ў Касцёле на Гродзеншчыне. У першую чаргу гэта датычыцца парафіяльнага жыцця вернікаў і клопату пра іх збаўленне, паколькі збаўленне кожнага чалавека заўсёды будзе найвышэйшай мэтай душпастырства.
Пры гэтым неабходная адкрытасць як душпастыраў, якім даверана кіраўніцтва душамі, так і ўсіх вернікаў на знакі часу і змены, якія адбыліся ў апошні час. Улічваючы гістарычную спадчыну мясцовага Касцёла, у якога ёсць свае традыцыйныя карані веры, можна адзначыць, што сёння ў душпастырскай дзейнасці існуе задача абуджаць ва ўсіх верніках большую свядомасць духоўнага жыцця. Першая фармацыя вернікаў павінна праходзіць на ўзроўні кожнай парафіі або асобнай душпастырскай групы, у якой адбываецца непасрэдны кантакт вернікаў з душпастырамі.
Сярод прыярытэтаў душпастырскай дзейнасці згодна з вучэннем Касцёла знаходзіцца абвяшчэнне Божага слова. Гэта ў першую чаргу павінна весці кожнага верніка да асабістай сустрэчы з Жывым Богам. Абвяшчэнне Божага слова павінна распачацца падчас першай катэхізацыі дзяцей і няверуючых людзей, каб прывесці іх да зацікаўлення Хрыстом і веры ў Яго.
Далейшым крокам душпастырскай дзейнасці з’яўляецца паглыбленне ў верніках свядомасці сакрамэнтальнага жыцця і дапамога з боку душпастыраў, каб вернікі маглі больш плённа перажываць кожную святую Імшу і сустрэчу з Хрыстом Эўхарыстычным.
Вялікая роля ў агульнай душпастырскай дзейнасці адводзіцца добра падрыхтаваным святарам, якія будуць разумець і любіць даручаную ім душпастырскую задачу як служэнне Хрыста Добрага Пастыра ў адносінах да ўсіх людзей без выключэння. Сёння існуе патрэба, каб святары сваім уласным сведчаннем жыцця і нястомным абвяшчэннем Божага слова дапамагалі вернікам выпрацоўваць хрысціянскі стыль жыцця.
У справе агульнага душпастырства ў парафіях існуе таксама вялікая патрэба працягваць фармацыю ў душпастырскіх групах, якія называюцца спецыяльнымі. Гэта могуць быць групы вернікаў з хваробамі слыху ці групы вернікаў паводле прафесіі – працаўнікі сферы адукацыі і выхавання, медыцыны, чыгункі, спорту. Да груп персанальнага душпастырскага клопату адносяцца студэнты, вязні, асобы, якія жывуць у несакрамэнтальных сужэнствах, і іншыя. Вялікую ўвагу сёння трэба звярнуць на вернікаў, якія перажываюць крытычныя моманты, – алкаголікаў, наркаманаў, сузалежных. Сёння трэба ўлічваць душпастырскую дзейнасць у сферы евангелізацыі харызматычнага напрамку – гэта групы людзей, якім патрабуецца адкрытасць і адвага з боку душпастыраў у прыняцці выклікаў новай евангелізацыі.
Сёння немагчыма добра арганізаваць і праводзіць душпастырскую дзейнасць у парафіях і па-за імі без умення душпастыраў супрацоўнічаць са сваімі вернікамі, як у агульным, так і ў спецыяльным душпастырстве.
Камісія душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця.
Важнай формай спецыяльнага душпастырства ў жыцці кожнага мясцовага Касцёла застаецца і будзе заставацца душпастырства сем’яў і сужэнцаў. Камісія душпастырства сем’яў імкнецца паказаць новыя напрамкі душпастырства вернікаў, якія заключылі сужэнскі саюз або рыхтуюцца заключыць яго. Задачай з’яўляецца паказаць годнасць сакрамэнту сужэнства паміж мужчынам і жанчынай як непарыўнага і вернага саюзу асобаў, якія любяць адно аднаго. У душпастырскай дзейнасці трэба заўсёды акцэнтаваць неабходнасць сакрамэнту сужэнства як адзінай правільнай формы сумеснага жыцця паміж мужчынам і жанчынай, а таксама тое, што менавіта муж і жонка атрымалі ад Бога Створцы вялікую задачу прыняцця і перадачы новага жыцця ў сваёй сям’і.
Першым Душпастырам сям’і ў гэтым плане з’яўляецца сам наш Збаўца Езус Хрыстус. Касцёл працягвае місію Хрыста, каб кожная сям’я ў парафіях дыяцэзіі магла быць “хатнім Касцёлам”.
Спасылаючыся на змест апошняй паслясінадальнай адгартацыі Папы Францішка на тэму сям’і “Amoris Laetitia”, камісія перасцерагае сем’і ад індывідуалізму, які нішчыць повязі сужэнскага жыцця. Дапамогай у пераадоленні гэтага індывідуалізму з’яўляюцца розныя формы душпастырства сем’яў на ўзроўні парафій, дэканатаў і дыяцэзіі. Душпастырства сем’яў заўсёды павінна быць накіравана на тое, каб шукаць адказы на фундаментальныя патрабаванні сучаснай сям’і і хрысціянскія рашэнні праблем сужэнства і бацькоўства. Гэтаму могуць служыць розныя душпастырствы сем’яў, у якіх існуюць прызначаныя касцёльнай уладай душпастыры і адказныя апекуны.
Вялікую ўвагу трэба прысвяціць падрыхтоўцы да сужэнскага жыцця. Гэта асобнае вымярэнне душпастырства. Падрыхтоўка да сакрамэнту сужэнства павінна праходзіць на ўзроўні парафіяльнай катэхізацыі, каб будучыя сужэнцы маглі лепш пазнаёміцца з пaкліканнем сужэнскага жыцця і яго задачамі. На сустрэчы, прысвечаныя гэтай падрыхтоўцы, варта запрашаць тых сужэнцаў і сем’і, якія будуць гатовыя падзяліцца сведчаннем добрага сумеснага жыцця і добрай радай, як будаваць шчаслівыя повязі ў сужэнскім саюзе, абапіраючыся на хрысціянскія каштоўнасці.
Душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця павінна пастаянна нагадваць сужэнцам і тых, хто рыхтуецца да сакрамэнту сужэнства, пра тое, што прыняцце гэтага сакрамэнту – гэта пакліканне і рашэнне быць разам на ўсё жыццё, каб сумесна прайсці праз усе выпрабаванні і складаныя хвіліны. Сужэнцы пакліканы разам ствараць праект уласнага жыцця праз штодзённую малітву, размову і падтрымку. Праз удзел у душпастырстве сем’яў варта паказваць неабходнасць жыцця ў Божай ласцы і вернасці Богу праз выкананне Яго запаведзяў.
Камісія звяртае ўвагу нa сем’і, якія перажываюць крызісы ў адносінах. Душпастыры сем’яў асаблівым чынам пакліканы ўказваць такім сем’ям, што няма сем’яў ідэальных, а сужэнцы і бацькі павінны ўвесь час працаваць над сабою і вучыцца праз крызісы лепш разумець адно аднаго. Важная задача душпастыраў – прыгадваць пра прабачэнне і паяднанне ў сем’ях, якія знаходзяцца на мяжы распаду, і асаблівым чынам маліцца аб уратаванні іх адзінства.
Сёння перад душпастырствам сем’яў паўстае задача клапаціцца пра сужэнцаў, якія не змаглі захаваць адзінства і жывуць у разводзе або сепарацыі, заключылі іншы грамадскі шлюб і маюць новыя сем’і. Душпастырам варта паспрыяць урэгуляванню адносін такіх сужэнцаў у біскупскім судзе, і калі няма падставы прызнаць шлюб несапраўдным – атуліць такія сем’і апекай, не адкідваючы іх, а клапоцячыся пра іх адзінства з мясцовым Касцёлам.
Божае слова, 2-я Звычайная нядзеля: першае чытанне – Іс 49, 3.5-6; другое чытанне – 1 Кар 1, 1-3; Евангелле – Ян 1, 29-34
Мы з’яўляемся адным Божым народам, пакліканым да збаўлення. Бог аб’яўляе ў Езусе Хрысце адзінага Збаўцу свету. Ён, як Баранак Божы, бярэ грэх свету на сябе. Душпастырская дзейнасць азначае, што на зямным шляху Бог дае нам душпастыраў, якія ў імя Хрыста абвяшчаюць Яго збаўленне. Бог абяцае, што кожны, хто паверыць у Хрыста як у свайго Збаўцу і будзе браць з Яго прыклад, атрымае вечнае шчасце і збаўленне.
Высновы.
а) Сінод з’яўляецца справай усяго мясцовага Касцёла – не толькі біскупа і астатняга духавенства, але і ўсіх свецкіх вернікаў.
Чым з’яўляецца Сінод для кожнага з нас?
б) Душпастырства ахоплівае ўсіх людзей разам і ў розных душпастырскіх групах і патрабуе адкрытасці на натхненні Духа Святога і на Божыя знакі, каб лепш рэалізаваць пакліканне да святасці.
У якім душпастырстве я хачу рэлізаваць сваё пакліканне да святасці?
в) Душпастырства сем’яў – задача для душпастыраў спадарожнічаць сем’ям і дапамагаць ім у рэалізацыі сужэнскага і бацькоўскага паклікання.
Як я буду ўкараняць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці ў сваёй сям’і і дазваляць Богу быць у ёй на першым месцы?






