Skip to main content

35-ю гадавіну смерці кс. Пятра Барташэвіча адзначылі з удзелам біскупаў у Жалудку

zaludok 21

13 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Шчучынскі дэканат) маліліся за кс. прэлата Пятра Барташэвіча, які служыў у гэтай парафіі і з часу смерці якога споўнілася 35 гадоў.

Святую Імшу ў інтэнцыі спачылага цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У ліку святароў, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, былі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашч парафіі кс. канонік Ян Рэйшаль. На літургіі прысутнічалі шматлікія парафіяне і законныя сёстры.

Імшу ў інтэнцыі кс. Пятра Барташэвіча арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў таксама ў сваёй роднай адэльскай парафіі 11 студзеня. Пробашчам адэльскай парафіі ксёндз Пётр быў да таго, як пачаў служэнне ў Жалудку.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што ксёндз Пётр быў яго духоўным настаўнікам і ахвярным пастырам, служэнне якога праходзіла ў часы ваяўнічага атэізму. Іерарх нагадаў, што адэльская парафія пасля смерці ў 1947 г. ксяндза Марціна Пузарэўскага заставалася без святара да 1955 г., калі туды быў накіраваны ксёндз Пётр, вызвалены з лагера ў Іркуцкай вобласці. Па словах арцыбіскупа, новы пробашч адразу звярнуў на сябе ўвагу як чалавек малітвы, вельмі добры прапаведнік, адкрыты на патрэбы людзей, апякун моладзі; ён хутка стаў душой парафіі, да яго цягнуліся ўсе – старэйшыя і малодшыя, ён для ўсіх знаходзіў час, за што яго вельмі любілі. Іерарх дадаў, што дзякуючы ахвярнаму і адкрытаму на ўсіх людзей служэнню ксяндза Пятра Адэльск хутка стаў мясцовым цэнтрам каталіцызму, што не падабалася атэістам, і святар быў пераведзены ў Жалудок.

zaludok 25

Тут, адзначыў арцыбіскуп, папулярнасць ксяндза Пятра стала яшчэ большай, да яго пацягнуліся не толькі католікі, але і праваслаўныя. “Гэта быў час Другога Ватыканскага Сабору, які стаў рэвалюцыйным як у вучэнні пра Касцёл, так і ў літургічнай рэформе, дзякуючы чаму ў літургіі пачалі выкарыстоўвацца нацыянальныя мовы. Сабор таксама змяніў адносіны Касцёла да іншых веравызнанняў. Усё гэта выклікала нямала пытанняў як у святароў, так і ў вернікаў”, – распавёў іерарх. Ён нагадаў, што ксёндз Пётр адным з першых у Беларусі пачаў уводзіць у пастырскую практыку рашэнні Сабору, а таксама не цураўся дыялогу з праваслаўнымі: аднойчы пайшоў да праваслаўнага верніка, які паміраў у жалудоцкім шпіталі, выслухаў яго споведзь, намасціў алеем хворых і ўдзяліў віятык. “Сёння гэта нармальная практыка, але 60 гадоў таму, у часы атэізму, складана было ўявіць падобнае”, – сказаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што ксёндз Пётр шмат увагі надаваў катэхізацыі дзяцей і моладзі – тады гэта было забаронена, таму ён прамаўляў на Імшы катэхетычныя казанні, такім чынам рыхтуючы малодшых парафіян да першай споведзі і Камуніі. Арцыбіскуп дадаў, што асабіста ўдзячны ксяндзу Пятру за клопат аб пакліканнях да святарства: той падтрымаў яго рашэнне паступіць у семінарыю “ў тыя складаныя часы, калі нялёгка было прыняць такое рашэнне, будучы паспяховым інжынерам і вучачыся ў аспірантуры”.

Іерарх нагадаў і пра тое, што ў жалудоцкай плябаніі ў час служэння ксяндза Пятра часта праходзілі сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў, дні засяроджання, духоўныя практыкаванні. На думку арцыбіскупа, гэта магло дапамагчы адчуць пакліканне да святарства кс. Антонію Ханько, які паходзіць з гэтых мясцін. Акрамя таго, ксёндз Пётр і кс. Юзаф Грасевіч заснавалі супольнасць Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якая ў той час дзейнічала таемна. На душпастырскую практыку ў Жалудок накіроўваліся семінарысты, адным з якіх быў цяперашні пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі.

У святарскім служэнні, па словах арцыбіскупа, ксёндз Пётр на першае месца ставіў справу абвяшчэння Евангелля, “не хаваючы праблем і не ўцякаючы ад іх”, “заклікаў быць сведкамі хрысціянства згодна з вучэннем Езуса, каб белае было белым, а чорнае – чорным, і такім чынам рэалізоўвалася Хрыстовае “так – так” і “не – не”. “Ён пакінуў бачны да сённяшняга дня след вернасці святарству. Дзякуючы яму і іншым тагачасным нешматлікім святарам вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладому пакаленню, каб з новай сілай праявіцца пасля атрымання свабоды веравызнання, якой ён дачакаўся, – сказаў арцыбіскуп. – Паэт піша: “Не час шкадаваць ружы, калі гарыць лес”. Лес ачышчае паветра і ператварае вуглякіслы газ у патрэбны для жыцця кісларод. Такім моцным і здаровым лесам быў ксёндз Пётр”.

zaludok 27

Іерарх дадаў, што словы Езуса, што Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём, былі пуцяводнай зоркай ксяндза Пятра: “Ён не шукаў іншай дарогі па-за Хрыстом, не шукаў іншай праўды, чым праўда Евангелля, бо ведаў, што праўда гэтага свету змяняецца, а Божая – застаецца, ведаў, што сапраўднае жыццё – гэта жыццё ў Хрысце, таму імкнуўся да Яго і вёў за сабой іншых”. Арцыбіскуп заклікаў браць прыклад з гэтага святара ў цяперашні час, “калі секулярныя тэндэнцыі спіхваюць Бога на перыферыю”.

Іерарх заахвоціў маліцца за памерлых, паколькі згодна з Пісаннем малітва за іх з’яўляецца святой і збаўчай. Асаблівую ўвагу ён надаў малітве за святароў, паколькі тыя “не пакідаюць пасля сябе сям’і ў яе звычайным разуменні: сям’я святара – Божы народ, якому ён служыць, і яе маральны абавязак – маліцца ў яго інтэнцыі”.

Пробашч і парафіяне падзякавалі біскупам і іншым прысутным за супольную малітву. Наймалодшыя вернікі парафіі павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча з 80-годдзем, якое ён адзначаў нядаўна. Потым за ксяндза Пятра памаліліся на мясцовых могілках, дзе ён пахаваны.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі