
У перыяд Нараджэння Пана супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі наведалі сем’і, якія знаходзяцца ў складаных абставінах, шматдзетныя сем’і, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і людзей з цяжкімі захворваннямі.
Па словах прадстаўнікоў таварыства, “кожны візіт быў напоўнены цеплынёй і святлом”. Святы Мікалай, з удзелам якога праходзілі гэтыя візіты, прыносіў дзецям падарункі і паказваў святочнае прадстаўленне, якое выклікала ўсмешкі. “Для бацькоў гэта стала знакам падтрымкі і надзеі, а для дзяцей — сапраўдным святам, якое яны будуць памятаць яшчэ доўга, – паведамляюць прадстаўнікі “Caritas”. – Удзячныя позіркі бацькоў сведчылі пра тое, што нават невялікая ўвага і клопат могуць стаць вялікай падтрымкай у цяжкі час. Гэтая акцыя яшчэ раз паказала, што хрысціянская любоў і міласэрнасць здольныя перамяняць сэрцы і прыносіць святло туды, дзе яго так чакаюць”.

“Дабрачынная дзейнасць “Caritas” — гэта не толькі матэрыяльная дапамога, але і сведчанне веры, якая дзейнічае праз любоў, – адзначаюць прадстаўнікі таварыства. – У кожным наведванні адчувалася прысутнасць Хрыста, які праз простыя жэсты дабрыні і спагады набліжаецца да тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы.
“Caritas” шчыра дзякуе ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы і рэалізацыі гэтай акцыі: супрацоўнікам, валанцёрам, дабрачынцам і ўсім неабыякавым людзям. Менавіта дзякуючы вашай падтрымцы і адкрытым сэрцам стала магчымым прынесці радасць і надзею тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






