
10 студзеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч з нагоды свайго 80-годдзя наведаў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
Семінарыю заснаваў сам арцыбіскуп 35 гадоў таму. Васьмідзесяцігадовы юбілей ён адзначыў 3 студзеня.
У капліцы семінарыі іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што ў часы ганенняў на веру колькасць святароў катастрафічна памяншалася і што з перабудовай Касцёл на Беларусі атрымаў магчымасць адраджэння. Ён узгадаў, што, калі ў 1989 годзе яго прызначылі біскупам, ён зрабіў адной з першых сваіх задач адкрыццё ў Беларусі семінарыі, бо “добра разумеў, што без сваёй кузні кадраў мясцовы Касцёл не будзе мець будучыні”. Іерарх дадаў, што “дзейнасць замежных святароў, якім Касцёл на Беларусі ўдзячны за дапамогу ў адраджэнні веры, падобна да трансфузіі крыві хвораму” і што, аднак, “калі хворы паправіцца, яго сэрца павінна выпрацоўваць сваю кроў”, – такой духоўнай крывёй ён назваў мясцовых святароў.
Арцыбіскуп распавёў, што дазвол на адкрыццё семінарыі ў Гродне ўдалося атрымаць пасля доўгіх і складаных перамоў з уладамі, а таксама што з выбарам нябеснага апекуна семінарыі ваганняў не было – Апякункай абралі Беззаганна Зачатую Панну Марыю, паколькі “Маці Божая абяцала ў Фаціме навяртанне нашых земляў, у чым галоўная роля належыць святарам”. Другім апекуном быў абраны святы Юда Тадэвуш, паколькі ён з’яўляецца памочнікам у складаных і немагчымых справах.
“Касцёл дзякуе Богу за трыццаць пяць гадоў гродзенскай духоўнай семінарыі і ўспамінае тых маладых людзей, якія ў ёй адказалі на голас Хрыста, які заклікаў іх ісці за Ім і стаць лаўцамі чалавечых душаў, – сказаў арцыбіскуп. – Гэта вялікая Божая ласка”.
Ён адзначыў, што слова “ласка” прагучала з вуснаў арханёла Міхала падчас звеставання Панне Марыі, што Яна народзіць Збаўцу свету. Таксама, дадаў арцыбіскуп, Божая ласка стала бачнай у асобе Езуса Хрыста і напоўніла чалавецтва.
“Ласка – гэта пацалунак Бога і дотык Святога Духа. Яна перамяняе грахоўную спадчыну Адама і ганьбу нашых грахоў у боскае жыццё, фармуе ў нас Хрыста і прыводзіць нашу грэшную чалавечую прыроду да духоўнага росквіту. Мы праслаўляем ласку Беззаганнага Зачацця Марыі, якой Бог адарыў Яе дзеля будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста, бо ласка Божая не прывязана да часу: Марыя была gratia plena (“поўная ласкі”) і tota pulchra (“уся прыгожая”) з моманту свайго зачацця, – сказаў іерарх. – Марыя жадае, каб і мы прынялі волю Бога, бо Ён хоча вярнуць да сябе грэшную чалавечую сям’ю. Аднак без Божай ласкі мы не можам дасягнуць мэты свайго прызначэння. З Божай ласкай мы нічога не губляем, а толькі здабываем. Дзякуючы ёй мы з духоўнага стану “выключана” пераходзім у стан “уключана”. З ёй мы не марнуем часу, становімся дарам для іншых”.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што пакліканне да святарства – “вялікая ласка, якой нельга змарнаваць”, і што “Бог выбраў і паклікаў студэнтаў гродзенскай семінарыі, каб потым паслаць іх у якасці святароў на вялікае жніво Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”.
Па словах іерарха, святары “павінны быць будаўнікамі мастоў, а не перашкодамі на шляху сустрэчы людзей з Хрыстом”. Ён нагадаў аб тым, што казаў семінарыстам Папа Леў XIV: той заклікаў іх не задавальняцца ў святарскай фармацыі мінімумам, каб быць сапраўднымі сведкамі надзеі, падкрэсліваў, што святарства – не кар’ера і не ўцёк ад праблем, а дар свайго жыцця, заахвочваў да малітвы і жыцця ў праўдзе. “Малітва і пошук праўды ўтвараюць адзіны шлях, – звярнуў увагу арцыбіскуп. –Толькі там, дзе розум адкрываецца на аб’яўленую праўду, а сэрца гарыць малітвай, фармацыя становіцца плённай”.
Іерарх заклікаў семінарыстаў дзякаваць Богу за ласку паклікання і належным чынам выкарыстоўваць час фармацыі. “Настаўленне апостала Паўла, што Божай ласкі дастаткова, павінна стаць маяком у дасягненні пастаўленай мэты – стаць святаром”, – дадаў арцыбіскуп.
“Рэфрэн псальма Імшы на чацвёрты дзень пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана кажа: “Усе народы свету будуць служыць Пану”, – гэта азначае: будуць спяваць песню ласкі. Спявайце і вы, дарагія семінарысты, песню ласкі, як Марыя ў сваім гімне Magnificat, каб у будучыні, ужо як святары, вы маглі спяваць гэтую песню разам з даручаным вашай пастырскай апецы Божым народам на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей”, – сказаў іерарх студэнтам гродзенскай семінарыі.
У канцы літургіі рэктар семінарыі кс. Ян Раманоўскі ад імя ўсяго яе калектыву падзякаваў арцыбіскупу за візіт, малітву і адрасаваныя студэнтам словы, а таксама павіншаваў з юбілеем.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






