
8 студзеня ў дыяцэзіяльнай курыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча для супрацоўнікаў курыі і яе ўстаноў, у якой удзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У ліку прысутных былі супрацоўнікі Аддзела каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі, касцёльнага суда, дыяцэзіяльнага дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas”, рэдакцыі газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця”, інтэрнэт-партала grodnensis.by, выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі.
У пачатку сустрэчы віцэ-канцлер курыі кс. канонік Антоні Грэмза ад імя ўсіх прысутных выказаў віншаванні біскупу, запэўніўшы, што разам з пастырам дыяцэзіі супрацоўнікі курыі будуць працягваць сваю дзейнасць на Божую хвалу, выконваючы даручаныя задачы і абавязкі.

Біскуп у сваю чаргу падзякаваў супрацоўнікам курыі за актыўны ўдзел у стварэнні сучаснай гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне. Іерарх адзначыў, што калектыў курыі можна назваць сапраўднай сям’ёй. Таксама ён пажадаў прысутным, каб сустрэча з Езусам Хрыстом вяла іх да глыбокай радасці і дапамагала адкрыцца на дар Божай любові.
Пасля супольнай малітвы біскуп благаславіў аплаткі, якімі затым падзяліліся прысутныя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






