
У перыяд Божага Нараджэння ў лідскай парафіі Святой Сям’і прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху “Gloriosa Trinita”.
“Наша парафіяльная супольнасць “Gloriosa Trinita” сабралася на традыцыйную аплаткавую сустрэчу, каб падзяліць радасць прыходу Збаўцы ў свет, – кажуць удзельнікі сустрэчы. – Дзелячыся адзін з адным аплаткай, мы здзяйсняем жэст прымірэння і любові. Гэта момант, калі сціраюцца ўсе крыўды і непаразуменні, а на іх месца прыходзіць шчырае пажаданне дабра”.
Сустрэча распачалася агульнай малітвай і чытаннем фрагменту Евангелля. Вікарый парафіі кс. Андрэй Каўшук звярнуўся да прысутных з пастырскім словам, адзначыўшы, што Бог становіцца чалавекам, каб людзі навучыліся быць больш чалавечнымі ў сваіх узаемаадносінах.

Удзельнікі сустрэчы называюць самым кранальным яе момантам дзяленне аплаткай: “Зала напоўнілася шэптам, у якім гучалі добрыя пажаданні. Былі абдымкі і ўсмешкі. У гэты момант мы адчулі сябе па-сапраўднаму адзінай сям’ёй – Целам Хрыстовым”. Працягнулася сустрэча спевам калядак. “Гукі знаёмых з дзяцінства мелодый стварылі атмасферу ўтульнасці і надзеі”, – адзначаюць прысутныя.
Затым быў пачастунак. “У гэты час дзяліліся планамі на будучы год, успаміналі радасныя падзеі мінулага і проста атрымлівалі асалоду ад зносін, якіх так часта не хапае ў мітусні будняў. Кожны прыгатаваў пачастункі і прынёс з сабой часцінку цяпла”, – паведамляюць нам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






