
1 студзеня, ва ўрачыстасць Багародзіцы Марыі і першы дзень новага года, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Паколькі 1 студзеня ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень міру, на літургіі маліліся аб міры ва ўсім свеце, у кожнай сям’і і супольнасці.
“Сёння, калі сэрца чалавека асабліва востра адчувае плынь дзён, крохкасць уласнага жыцця і патрэбу ў надзейнай апоры, Касцёл, якім кіруюць Дух Святы і мацярынская мудрасць, не пакідае нас сам-насам з будучыняй, а запрашае схіліцца над таямніцай, у якой адкрываецца сэнс часу, гісторыі і чалавечага лёсу, – таямніцай Божага мацярынства Найсвяцейшай Панны Марыі”, – сказаў біскуп у гаміліі.
Ён дадаў, што кожны новы год – “дар, які Бог у сваёй міласэрнасці зноў укладвае ў нашыя далоні як задачу і як магчымасць, як адказнасць і як ласку, бо час не належыць чалавеку, а дорыцца яму, каб ён навучыўся жыць не толькі для сябе, але для Бога і для іншых”.
Па словах біскупа, літургічныя чытанні гэтага дня, якія змяшчаюць выразы благаслаўлення Богам свайго народу, “адкрываюць глыбіню педагогікі Бога: Ён не абяцае лёгкага года, але абяцае сваю прысутнасць; не гарантуе адсутнасці цяжкасцяў, але дае супакой, які дазваляе вытрываць і не згубіць надзею”.
Кажучы пра Божае мацярынства Панны Марыі, іерарх адзначыў, што, “прымаючы Божае слова, Яна становіцца Маці Бога, але ў той жа момант і Маці ўсіх, хто верыць у Яе Сына, таму што праз Яе згоду чалавецтва атрымала Збаўцу, а свет – надзею, якая не знікае”. “Яе Божае мацярынства кажа нам, што чалавечае жыццё не з’яўляецца для Бога другарадным. Наадварот – праз Марыю Бог асвячае кожны чалавечы пачатак, кожную сям’ю, кожную мацярынскую і бацькоўскую любоў, – патлумачыў біскуп. – Таму, пачынаючы новы год, мы ўваходзім у яго не адны, а з Марыяй, якая вучыць нас даверу ў нявызначанасці, вернасці ў цяжкасцях і цярплівасці ў чаканні, бо ведае, што Божыя абяцанні спаўняюцца не заўсёды хутка, але заўсёды верна”.

Па словах біскупа, сувязь Сусветнага дня міру з Божым Нараджэннем мае глыбокі тэалагічны сэнс. Іерарх прывёў словы Папы Льва XIV з яго паслання “Urbi et Orbi”, дзе было сказана, што Езус Хрыстус, пасланы Айцом на зямлю, каб збавіць людзей ад граху і смерці, “з’яўляецца нашым мірам, бо перамог нянавісць і варожасць не сілай, а міласэрнай любоўю Бога”. “Мір, які сёння і заўсёды абвяшчае Касцёл, – гэта не плён чалавечых дамоўленасцяў або сілавога балансу. Гэта мір, які нараджаецца ў Бэтлееме, у яслях, дзе Бог становіцца безабаронным. Гэта мір, які не знішчае ворага, а перамяняе сэрца. Гэты мір з’яўляецца не танным кампрамісам або часовым зацішшам, а глыбокай духоўнай рэальнасцю, якая праходзіць праз крыж, праз ахвяру, праз прабачэнне і праз перамяненне чалавечага сэрца”, – звярнуў увагу біскуп.
Ён падкрэсліў, што ў імені “Езус”, якое азначае “Бог збаўляе”, “заключана ўся надзея чалавечай гісторыі, бо Бог не пакінуў свет на волю зла, а ўвайшоў у яго, каб збавіць”. “Мы ўваходзім у новы год з гэтым Імем. Не з прагнозамі, не з гарантыямі, а з Імем, якое збаўляе. І гэта Імя ўпершыню было прамоўлена вуснамі Марыі”, – сказаў іерарх, дадаўшы, што, “калі гэтае Імя будзе жыць у нашых сэрцах, у нашых дамах, у нашых рашэннях – год будзе благаслаўлёны”.
“Сусветны дзень міру нагадвае нам, што мір – гэта не толькі палітычная катэгорыя, але і духоўная рэальнасць. Мы не зможам змяніць свет, калі не дазволім Богу змяніць нашыя сэрцы. Езус – Князь міру, але Яго мір не падобны да міру, які прапануе свет, бо гэта мір, які патрабуе навяртання сэрца, які нараджаецца з прабачэння, які часта балючы, але заўсёды сапраўдны і трывалы”, – заўважыў біскуп.
Ён заклікаў даверыць новы год Маці Божай: “Марыя ўваходзіць у будучыню не з гарантыямі, а з верай. Таму Яна з’яўляецца для нас надзейным правадніком у час нявызначанасці. Дарагія браты і сёстры, уступаючы ў новы каляндарны год, даверым сябе, нашыя сем’і, нашу дыяцэзію, нашу краіну і ўвесь свет апецы святой Багародзіцы Марыі, просячы, каб Яна вучыла нас веры, надзеі і любові і вяла да свайго Сына”.
У канцы літургіі біскуп павіншаваў усіх удзельнікаў са святамі, пажадаўшы, каб у жыцці кожнага новы год быў напоўнены Божай прысутнасцю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






