
Дарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі, нашы сябры!
Канец года заўсёды нагадвае, што час – вялікі дар Пана Бога. Але мы ўсведамляем, што час хутка праходзіць. Мінулае ўжо нам не належыць, адыходзіць у змрок гісторыі. Поспехі пройдуць, прыбыткі пацьмянеюць, застанецца тое, што Божае і трывалае.
Дзякуючы Пану Богу за гэты чарговы год жыцця і нашага служэння Касцёлу на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі, хочам дзякаваць Яму таксама за кожнага чалавека, які дапамагае нам у евангелізацыі праз сродкі масавай інфармацыі.
Выказваем біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю ўдзячнасць за падтрымку, матывацыю і адкрытасць на новыя спосабы евангелізацыі, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі.
Дзякуем біскупу Аляксандру Кашкевічу за прыхільнасць і за яго слова, заўсёды поўнае дабрыні, надзеі і падтрымкі.
Хочам запэўніць, што прыкладзём усе старанні, каб наша сціплае, аднак патрэбнае служэнне ў мясцовым Касцёле станавілася яшчэ больш прафесійным, а навіны з жыцця нашых парафіяльных супольнасцяў распаўсюджваліся ўсё шырэй і рабіліся ўсё больш заўважнымі.
Дзякуем усім нашым аўтарам і чытачам – духоўным асобам і шматлікім свецкім валанцёрам, якія бескарысліва дасылалі нам свае тэксты, разважанні, цікавыя здымкі і прапановы, – за тое дабро, якое мы маглі стварыць разам, ідучы дарогай веры.
Карыстаючыся нагодай, хочам заахвоціць усіх вас да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце з намі ў новым 2026 годзе!
Дарагія сябры!
На парозе Новага года выказваем сардэчныя пажаданні, каб Хрыстус, які прыносіць свету супакой, благаславіў усіх нас, адорваў шчасцем і дабрабытам, а Багародзіца Марыя пастаянна суправаджала нас у духоўным узрастанні.
Распачнем новы год па-Божаму, з поўнымі веры і любові сэрцамі, гледзячы ў будучыню з надзеяй.
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі






