
Калі заканчваецца чарговы каляндарны год, гэта нагода зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на яго працягу, а таксама падзякаваць Пану Богу за ўсё дабро, якое мы атрымалі.
А дзякаваць нам, безумоўна, ёсць за што! У жыцці і супольнасцяў, і сем’яў, і асобных людзей можна знайсці нямала добрага, што адбылося за гэты час, нямала радасных момантаў.
Шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу ёсць і ў Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне. Гэты год быў насычаны разнастайнымі падзеямі, юбілеямі, сустрэчамі, былі рэалізаваны душпастырскія праекты, якія ўпісаліся ў гісторыю мясцовага Касцёла.
Дзякуючы Пану за ўсе гэтыя падзеі, хочам прыгадаць некаторыя з іх, каб яшчэ раз вярнуцца да тых хвілін.
Студзень

Каб былі адно...
У межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя па традыцыі прайшло экуменічнае набажэнства, арганізаванае Каталіцкім Касцёлам. У набажэнстве ўдзельнічалі прадстаўнікі духавенства і свецкіх вернікаў розных хрысціянскіх канфесій.
Люты

Пастырскае благаслаўленне на развіццё руху “Маці ў малітве”
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй сустрэўся з кіраўнікамі руху “Маці ў малітве” Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчы ён удзяліў пастырскае благаслаўленне на развіццё руху. Крыху раней біскуп прызначыў вікарыя гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці кс. Валерыя Пупкевіча SCJ дыяцэзіяльным духоўным настаўнікам і мадэратарам гэтага руху.
Сакавік

Памнажаць мір і дабро згодна з францішканскім заклікам
У Гродне прайшоў Нацыянальны капітул Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі. У межах капітулу адбыліся выбары нацыянальнага кіраўніцтва ордэну, а біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй заклікаў тых, хто належыць да гэтай супольнасці, “імкнуцца будаваць свет, дзе ўсе адчуваюць сябе братамі і сёстрамі”.
Красавік

Касцёл, які выходзіць, шукае, слухае, лечыць і любіць
У Велікодны панядзелак у гродзенскай катэдры адбылася Імша падзякі за дар жыцця і служэння Папы Францішка, які ў гэты дзень адышоў у вечнасць. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначыў, што Папа “быў голасам бежанцаў, мігрантаў, бедных, хворых, пажылых”, “звяртаўся да ўсяго чалавецтва з пасланнем братэрства”.
Май

Гатоўнасць да вучобы, узрастання, пастаяннага навяртання
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў дыяканскае пасвячэнне дваім выпускнікам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. У звароце да іх біскуп сказаў, што “няма большага гонару, чым прыносіць Езуса іншым”, і што задача дыякана – “ісці, несучы Збаўцу, часта па цяжкіх дарогах, да бедных, самотных, пакінутых”.
Чэрвень

Ісці за Хрыстом
У Гродне прайшлі XI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, і Агульнабеларускія дні моладзі. Гэтыя мерапрыемствы паказалі, што ў Касцёла на Беларусі ёсць будучыня, бо ў ім ёсць маладыя вернікі, якія хочуць будаваць сваё жыццё на Богу.
Ліпень

Пілігрымы надзеі
У санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшлі штогадовыя дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Першы афіцыйны візіт у гэты духоўны цэнтр дыяцэзіі здзейсніў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Іерарх адзначыў, што “гэтае святое месца – не прытулак, дзе можна спыніцца ці схавацца, а школа, дзе мы вучымся любіць”.
Жнівень

“За ўсё дзякуйце” (1 Тэс 5, 18).
У парафіі св. Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) у пяты раз прайшоў фестываль-рэкалекцыі “Novafest”. Для многіх прысутных фестываль у чарговы раз стаў днём няспыннай малітвы ва ўтульнай атмасферы ўселюбскай парафіі, месцам сустрэчы з Панам, Маці Божай і блізкімі па духу людзьмі.
Верасень

Хрыстус — сапраўдны Настаўнік
У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год. Сёлета вучобу ў ёй распачалі ў агульнай колькасці 42 студэнты. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй параўнаў новы навучальны год з новай старонкай, на якой Бог праз намаганні семінарыстаў і сваю ласку “хоча напісаць гісторыю паклікання, вернасці і святасці”. Крыху пазней быў прызначаны новы рэктар семінарыі, якім стаў кс. Ян Раманоўскі.
Кастрычнік

Пакліканыя быць сведкамі Божага Сэрца
Паколькі ў Каталіцкім Касцёле гэты месяц прысвечаны Маці Божай, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя прайшоў Ружанец для моладзі, у якім удзельнічалі маладыя вернікі ўсіх парафій Гродна. Правядзенне гэтай малітвы стала першай ініцыятывай новага душпастыра моладзі Гродзенскай дыяцэзіі – кс. Яўгена Амасёнка.
Лістапад

Хрыстус хоча валадарыць не праз страх, а праз любоў
У нядзелю Хрыста Валадара Сусвету ў Жамыслаўлі, які адносіцца да парафіі ў Суботніках (Іўеўскі дэканат), у межах адпустовай урачыстасці адзначылі 25-ю гадавіну асвячэння мясцовай капліцы. “У гэтай невялікай, але вельмі дарагой Богу святыні мы нагадваем сабе фундаментальную ісціну: Хрыстус ужо цяпер з’яўляецца Валадаром”, – падкрэсліў на святкаванні біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Снежань

Бог не шукае вялікіх
У 320-ю гадавіну асвячэння гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя чацвёра студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі прынялі дыяканскае пасвячэнне. Біскуп Гродзенскі, які ўдзяліў пасвячэнне, адзначыў, што “дыякан павінен быць тым, хто слухае, суправаджае, суцяшае, абараняе, накіроўвае”.
Гэта толькі некаторыя з падзей, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2025 годзе. Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.
Няхай будзе падзяка Богу за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі! Няхай будзе падзяка Яму за ўсё, што атрымаў кожны з нас!
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






