Skip to main content

У Лідзе прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху “Маці ў малітве”

maci u madlitwe 3

27 снежня ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху “Маці ў малітве” Гродзенскай дыяцэзіі.

На сустрэчы сабралося ў агульнай колькасці каля ста чалавек.

Праграма ўключала адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і святую Імшу, на якой дзякавалі Богу за рух “Маці ў малітве”, за дзяцей удзельнікаў руху і за дар мацярынства. Цэлебраваў літургію дыяцэзіяльны мадэратар руху кс. Валерый Пупкевіч SCJ, сярод прысутных святароў быў кс. Томаш Мікалайчык, маці якога з’яўляецца ўдзельніцай гэтага руху.

У гаміліі ксёндз Валерый адзначыў, што такія сустрэчы важныя для ўзрастання веры. Таксама ён засяродзіў увагу на словах “вучань” і “настаўнік”, прапанаваўшы падумаць над пытаннямі: “Я вучань Бога ці чыйсьці іншы? Які я вучань? Ці ўзрастае мой давер Хрысту, калі я знаходжуся ў Яго школе?”

maci u madlitwe 4

Акрамя таго, было адзначана: “Для кожнай маці дзеці – самае дарагое, і мы вучымся давяраць іх Пану Богу, змяняць нашыя сэрцы праз дзеянне Духа Святога, а таксама падтрымліваем адзін аднаго малітвай і дзеяннем”.

Пасля Імшы прысутныя падзяліліся аплаткамі.

“Гэта быў па-сапраўднаму цудоўны дзень, – паведамляюць удзельнікі сустрэчы. – Мы адчувалі апеку Святой Сям’і, а таксама малітвы матуль з усяго свету, да якіх мы далучыліся. Дзякуем Пану Богу за гэтую магчымасць быць разам з матулямі ўсяго свету і дзякуем усім маці, якія прыбылі на сустрэчу”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі