
26 снежня міністранты навагрудскай парафіі св. Арханёла Міхала здзейснілі духоўна-пазнавальную экскурсію па гістарычным цэнтры Гродна.
Мэтай было паглыбленае знаёмства падрастаючага пакалення з каштоўнай рэлігійнай і культурнай спадчынай горада, кожная святыня якога – жывая старонка гісторыі.
У экскурсіі ўдзельнічала ў агульнай колькасці 17 міністрантаў. Маршрут ахопліваў найбольш адметныя ў гістарычным сэнсе каталіцкія святыні: катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя (фарны), пабудаваны Ордэнам езуітаў, асвячаны ў 1705 годзе ў прысутнасці цара Пятра I і караля Аўгуста II, адна з чатырох беларускіх святыняў, якія маюць тытул Малой базылікі; касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі); касцёл Узвышэння Святога Крыжа (пабернардынскі), будаўніцтва якога ішло з канца XVI стагоддзя і які з’яўляецца найстарэйшым з дзеючых гродзенскіх каталіцкіх святыняў; касцёл Маці Божай Анёльскай (францішканскі), дзе некалькі гадоў у міжваенны перыяд служыў святы Максімільян Кольбэ.
Асаблівым пунктам праграмы экскурсіі стала наведванне Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якая размяшчаецца ў мурах былога кляштара бернардынаў. Экскурсію для міністрантаў правялі ў семінарыі яе студэнты. Міністранты пазнаёміліся з рытмам навучання і фармацыі будучых святароў, а таксама мелі магчымасць пагутарыць са студэнтамі ў неафіцыйных абставінах, што дазволіла ім лепш зразумець жыццё семінарыстаў.
“Гэтая экскурсія — наш уклад у духоўнае развіццё моладзі, — падзяліўся старэйшы міністрант навагрудскай парафіі. — Важна, каб хлопцы не толькі служылі ля алтара, але і разумелі глыбіню нашай веры, пабачылі яе гісторыю, ўвасобленую ў гэтых гістарычных мурах, і ведалі, які шлях праходзяць тыя, хто вырашыў прысвяціць сябе выключнаму служэнню Богу дзеля выратавання душаў”.
Экскурсія скончылася ўрачыстай Імшой, якая адбылася ў навагрудскім парафіяльным касцёле з нагоды свята св. Стэфана, першамучаніка, якое адзначалася ў гэты дзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






