
27 снежня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ўрачыста завяршылася святкаванне 150-гадовага юбілею Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Юбілей святкаваўся на працягу 2025 года.
Імшу падзякі за 150 гадоў існавання кангрэгацыі цэлебраваў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ліку святароў, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, былі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску кс. прэлат Кшыштаф Сэрока. Літургіі папярэднічаў калядны канцэрт, з якім выступіў хор гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля “Vox Domini” на чале з кіраўніком і дырыжорам Вольгай Маркевіч.
На Імшы маліліся за ўсіх сясцёр, якія ўтваралі супольнасць назарэтанак раней і ўтвараюць сёння, дзякавалі Богу за іх жыццё, служэнне і за ўсе ласкі, якія кангрэгацыя атрымала ад Яго за час свайго існавання.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі назвай “цудоўным і красамоўным знакам” тое, што святкаванне юбілею завяршаецца ў актаву Нараджэння Пана. Іерарх дадаў, што, хоць лёгка засяродзіць усю ўвагу на “мілым і сентыментальным вымярэнні” гэтых святаў – калядных упрыгажэннях, віншаваннях і пачастунках, – важна не спыняцца на гэтым, імкнуцца “да глыбейшага разважання”, “зрабіць крок наперад”.
Кажучы пра апостала Яна, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, і першамучаніка Стэфана, які ўзгадваўся ў літургічным календары напярэдадні, біскуп адзначыў, што іх прыклад – “дзве розныя дарогі, якія вядуць да святасці: адна – прабыванне з Хрыстом, жыццё ў глыбокім духоўным сяброўстве, блізкасці і сузіранні, другая – любоў да мучаніцтва, да ахвяравання свайго жыцця”. Па словах іерарха, абедзве гэтыя дарогі “добрыя і святыя”, “абедзве паказваюць, што ў Бога свой план адносна кожнага чалавека, што Ён кожнаму вызначае свой, непаўторны, адзіны ў сваім родзе лёс, – існуе столькі дарог да Бога, колькі людзей у свеце, святасць жа засноўваецца на тым, каб верна ісці праз зямное жыццё да Бога згодна з Яго воляй”.

Біскуп патлумачыў, чаму святы Ян у Евангеллі называе сябе “вучнем, якога Езус любіў”: гэта значыць не тое, што Езус любіў толькі Яна, а не іншых апосталаў, і не тое, што Ён любіў Яна больш за іншых апосталаў, а тое, што “Ян больш за іншых апосталаў адчуваў любоў Езуса, быў больш адкрыты на яе, больш усведамляў яе і быў больш удзячны за яе”. “Кожны хрысціянін, як святы Ян, можа і мае права казаць пра сябе, што ён умілаваны вучань Пана. Мы верым, што кожнага з нас Бог любіць асаблівым, адзіным і выключным чынам. Гэта неспасціжная таямніца Божай любові. Вера запэўнівае нас у гэтым, але часам нашы чалавечыя сэрцы, слабыя і недасканалыя, крыху супраціўляюцца веры ў гэта. Святыя ў гэта верылі, таму рэалізоўвалі вялікія справы, чэрпаючы натхненне і сілы з найглыбейшай і невычэрпнай крыніцы Божай любові”, – сказаў біскуп. У якасці адной з тых, хто здзяйсняў такія вялікія справы, ён узгадаў заснавальніцу супольнасці назарэтанак – благаслаўлёную Марыю ад Езуса Добрага Пастыра (Францішку Сядліскую).
Іерарх нагадаў пра тое, што заснавальніца кангрэгацыі, мяркуючы па яе жыццёвых абставінах, магла б весці заможнае свецкае жыццё, аднак выбрала жыццё, прысвечанае Богу, а пазней стварыла супольнасць назарэтанак. Ён нагадаў пра задачы гэтай супольнасці: назарэтанкі “пашыраюць Валадарства Божай любові, беручы прыклад са Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа”; “як жыццё Святой Сям’і было сканцэнтравана на любові да Бога і ўзаемнай любові, так назарэтанкі хочуць служыць Богу праз служэнне бліжнім у духу прастаты, пакоры, ахвярнасці і бескарыслівасці, напаўняючы праўдзівай любоўю звычайны, самы просты досвед штодзённага жыцця”.
Біскуп адзначыў, што супольнасць развівалася яшчэ пры жыцці заснавальніцы і працягвае развівацца: у час смерці заснавальніцы было каля 300 назарэтанак, сёння іх больш за тысячу ў 14 краінах, і “нягледзячы на агульны крызіс пакліканняў, у супольнасць уступаюць шматлікія новыя кандыдаткі”. Па яго словах, “харызма назарэтанак дазваляе ім адкрывацца на самыя розныя грамадскія задачы, рэалізоўваць тое служэнне і тыя апостальскія справы, якія з’яўляюцца найбольш патрэбнымі”: яны займаюцца катэхізацыяй, адкрываюць школы, дзіцячыя садкі, інтэрнаты, дзіцячыя дамы, служаць у шпіталях і прытулках, працуюць з сем’ямі, апякуюцца дзяўчатамі – “проста служаць усім, каму патрабуецца якаясьці дапамога”.

Біскуп дадаў, што гродзенцы асабліва ганарацца больш чым стогадовым служэннем назарэтанак у сваім горадзе і што “асабліва ўзрушвае сведчанне веры, вернасці пакліканню і любові да Касцёла гродзенскіх назарэтанак у пасляваенныя гады”, калі яны “не маглі дзейнічаць афіцыйна і здзяйснялі служэнне таемна, працавалі як свецкія асобы”. “Мы дзякуем Пану таксама за служэнне назарэтанак з Навагрудка, асвячанае мучаніцкай смерцю благаслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц. Ці можа быць прыгажэйшае сведчанне веры і любові да Бога, чым аддаць жыццё за бліжніх? Мы верым, што прыгожая навагрудская зямля, акропленая крывёй гераічных мучаніц, прынясе шчодры плён святасці, – сказаў іерарх. – Дзякуем за ўсіх сясцёр назарэтанак, за іх прысутнасць і служэнне ў нашым мясцовым Касцёле і за цудоўныя апостальскія справы, якія яны здзяйсняюць з любоўю, адданасцю і ахвярнасцю”.
Біскуп пажадаў назарэтанкам, каб Бог адорваў іх супольнасць новымі шматлікімі і святымі пакліканнямі, адкрываў перад ёю ўсё больш шырокія гарызонты і ўсё больш цудоўныя перспектывы.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі цёплымі словамі ўзгадаў назарэтанак, якія ў 1908 г. прыбылі ў Гродна, а ў 1929 г. – у Навагрудак. Ад імя беларускага каталіцкага епіскапату ён выказаў сёстрам падзяку за руплівае служэнне ў нашай краіне, асабліва адзначыўшы іх клопат аб сучасных сем’ях, а таксама імкненне адказваць на патрэбы Касцёла, грамадства, духоўнай фармацыі моладзі.
У канцы літургіі настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак с. Філатэя Ціхановіч падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у святкаванні завяршэння юбілею і садзейнічаў яго правядзенню. Сястра Філатэя выказала спадзяванне, што год юбілею стаў для назарэтанак перыядам духоўнага аднаўлення, які дапаможа ім з большай адданасцю і запалам адкрываць сэнс свайго жыцця і служэння, шукаць новыя шляхі да рэалізацыі сваёй харызмы.
Завяршылася святкаванне сумесным абедам у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, які быў таксама часам для размоў і ўспамінаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай






