Skip to main content

У Граўжышках прайшоў дзень засяроджання для катэхетаў

IMG 20251227 140041

27 снежня ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Граўжышках (Ашмянскі дэканат) прайшоў дзень засяроджання для катэхетаў. Прысутнічалі катэхеты Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага дэканатаў, мэтай сустрэчы было ўмацаваць адзінства паміж імі і стварыць прастору для абмену досведам.

Праграма дня засяроджання была насычанай як у духоўным, так і ў інтэлектуальным вымярэнні. Адметным момантам была канферэнцыя, якую правёў пробашч парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Кямелішках кс. Аляксандр Сямінскі. Святар падкрэсліў важнасць гармоніі паміж патрабавальнасцю і пяшчотай у выхаванні, паказаўшы, што правільны баланс дапамагае фарміраваць асобу, здольную да адказнасці. Таксама ён звярнуўся да прыкладу святых, што мелі свае дзейсныя метады выхавання. “Многія тэзісы, прапанаваныя святаром, сталі крыніцай натхнення для ўдзельнікаў, якія змаглі паглыбіць разуменне сваёй місіі і знайсці новыя арыенціры для працы з дзецьмі і моладдзю”, – паведамляе нам Марта Багдановіч.

Як адзначыла яна, адным з ключавых момантаў сустрэчы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой удзельнікі маглі “ў цішыні абстрагавацца ад штодзённай мітусні, адчуць прысутнасць Хрыста і адкрыць свае сэрцы для Яго любові, ахвярнай і чыстай”.

Затым адбылася святая Імша, якую цэлебраваў катэхетычны візітатар Астравецкага дэканату кс. Віктар Захарэўскі. У цэлебрацыі ўдзельнічалі ксяндзы Яўген Ціхан, Аляксандр Сямінскі і Павел Раманоўскі, дэкан Ашмянскага дэканату і пробашч парафіі, у якой праходзіла сустрэча, – ён прамовіў гамілію. Святар адзначыў, што ў абвяшчэнні каталіцкай веры неабходна не толькі гаварыць пра яе прывабныя бакі, але і закранаць складаныя тэмы. Ксёндз Павел дадаў, што важна прыгадваць аб існаванні пекла, а таксама аб патрабаваннях, якія ўтрымліваюць Божыя запаведзі, бо яны дапамагаюць вернікам усвядоміць поўную праўду Евангелля і адказнасць за сваё жыццё перад Богам.

Па словах Марты Багдановіч, літургія дала катэхетам магчымасць “падзякаваць за дар служэння, што аб’ядноўвае ў адной высакароднай справе”. Затым прысутныя падзяліліся аплаткай, што прайшло “ў атмасферы еднасці і радасці”: удзельнікі сустрэчы выказалі адзін аднаму словы падзякі і пажаданні, “сведчачы пра духоўнае братэрства і супольнасць, што аб’ядноўвае ўсіх у Хрысце”. Потым адбыўся святочны абед.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Марта Багдановіч