
25 снежня, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На літургіі прысутнічалі шматлікія вернікі катэдры і іншых парафій.
Біскуп адзначыў у гаміліі, што як для народа Ізраэля гучала вестка аб тым, што Бог разам са сваім народам, так гучыць яна і сёння. “У свеце, перапоўненым шумам, трывогамі, войнамі, эканамічнай і духоўнай няпэўнасцю, Касцёл абвяшчае: Бог ідзе да свайго народа. Ён не пануе праз сілу, не перамагае праз страх, а прыходзіць з пяшчотай, як Дзіця”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, Божае Нараджэнне – “падзея не толькі для вернікаў, не толькі для Касцёла – гэта падзея касмічнага значэння: у Хрысце Бог абдымае ўсё стварэнне, аднаўляе яго годнасць і накіроўвае да паўнаты”.
“Калі сёння свет часта губляе здольнасць радавацца, калі радасць становіцца павярхоўнай і кароткай, Касцёл нагадвае: ёсць радасць глыбокая, трывалая, якая нараджаецца з упэўненасці, што Бог з намі і не пакідае нас, – сказаў біскуп. – Калі чалавек часта сумняецца, каму можна верыць, дзе праўда, дзе фальш, Божае Нараджэнне нагадвае: праўда мае твар. Гэта твар Хрыста”.
“Бог увайшоў у чалавечую гісторыю, у чалавечы боль, у чалавечую радасць. Ён прыняў усё, акрамя граху. Гэта азначае, што няма такой сітуацыі, у якой Бог быў бы адсутны. Нават калі чалавек адчувае цемру, нават калі здаецца, што святло згасла, Евангелле сцвярджае: А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго”, – падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што, “на жаль, не ўсе гатовыя гэта святло прыняць: не таму, што яно слабае, а таму, што чалавеку часам зручней заставацца ў паўцені, не змяняючы свайго жыцця”. “Таму Божае Нараджэнне – гэта не толькі суцяшэнне, гэта таксама выклік. Бог, які стаў Чалавекам, глядзіць на нас і пытаецца: ці гатовы ты пусціць Мяне ў сваё жыццё? ці гатовы ты, каб Я асвятліў тое, што ты хаваеш? ці гатовы ты даверыцца Мне цалкам? Бо прыняць Хрыста – значыць дазволіць Яму ўвайсці ў нашы адносіны, у нашы рашэнні, у наш выбар, у нашу штодзённасць. Гэта значыць дазволіць, каб Святло перамяніла цемру, а не проста прыгожа яе падсвяціла”, – патлумачыў біскуп.
“У свеце, дзе чалавечая годнасць часта ставіцца пад сумнеў, дзе чалавека ацэньваюць паводле поспеху, карысці або сілы, Божае Нараджэнне кажа ясна: кожны чалавек каштоўны, кожны чалавек любімы, кожны чалавек варты збаўлення, – адзначыў пастыр дыяцэзіі. – Нават калі шлях цяжкі, нават калі вера патрабуе мужнасці, памятайце: Бог ужо прыйшоў. Бог ужо з намі”.
Біскуп падкрэсліў, што “Хрыстус нараджаецца там, дзе ёсць прабачэнне замест крыўды, дзе ёсць цярпенне замест злосці, дзе ёсць служэнне замест абыякавасці”.
Іерарх заахвоціў вернікаў несці радасць Божага Нараджэння ў свет. Ён пажадаў, каб яно было для іх “не толькі святам, а пачаткам новага жыцця з Богам, які стаў Чалавекам, каб чалавек мог жыць Божым жыццём”, каб Нараджэнне Пана “асвятліла сем’і, парафіі, нашу краіну”, каб Дзіця з Бэтлеема “адрадзіла ў нас веру, умацавала надзею і навучыла любові”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: архіў парафіі






