
У ноч Божага Нараджэння біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На святкаванні прыйсця Пана ў свет прысутнічалі шматлікія вернікі катэдры і іншых гродзенскіх парафій. У цэлебрацыі ўдзельнічалі святары катэдральнай парафіі на чале з пробашчам кс. канонікам Янам Кучынскім.
У гаміліі, кажучы пра Нараджэнне Пана, біскуп падкрэсліў, што “Бог не застаўся ў вечнасці, не аддзяліў сябе ад чалавека непераадольнай дыстанцыяй, а зрабіў тое, што ніводная рэлігія не чакала і ніводная міфалогія не апісала: стаў Чалавекам, увайшоў у гісторыю свету раз і назаўсёды, аднаўляючы яе, асвятляючы, выбаўляючы і адкрываючы чалавеку новую магчымасць жыцця – не толькі фізічнага, не толькі псіхалагічнага, але жыцця, якое ў сваю глыбіню ўключае вечнасць”.
Тлумачачы словы літургічнага чытання: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае”, іерарх адзначыў, што гэтая цемра “не знікае сама па сабе, чалавек не здольны сам сябе выцягнуць з яе; ні чалавечыя намаганні, ні палітычныя рашэнні, ні грамадскія праграмы не могуць даць таго святла, якое здольнае закрануць саму глыбіню чалавечай душы; таму Бог сам ініцыюе збаўленне, і робіць гэта незвычайным чынам: дае свету Дзіця”.

“Дзіця можа ўзяць на рукі кожны чалавек, нават самы бедны, нават той, хто не мае нічога, акрамя сваіх унутраных ран. Гэтае Дзіця – адказ Бога на цемру, – дадаў біскуп. – Бог не абяцае свету толькі часовага палягчэння, а прыносіць поўнае выратаванне – выратаванне, якое закранае і цела, і душу, і гісторыю”.
Па словах біскупа, Нараджэнне Хрыста – “гэта не казка і не міф, а ўваход Бога ў рэальную, грубую, часта несправядлівую гісторыю, дзе людзі не жывуць у ідэальных умовах, дзе няма месца рамантычным ілюзіям, дзе свет трымаецца на працы бедных і стомленых людзей”, “Бог не выбірае для сябе ідэальны фон, каб прывітаць чалавецтва; Ён выбірае рэальнасць такой, якая яна ёсць, каб паказаць, што збаўленне пачынаецца не з утопіі, а з канкрэтнага чалавечага жыцця”. Іерарх адзначыў, што на прыкладзе пастухоў, якія першымі даведаліся пра Нараджэнне Хрыста, “Евангелле вучыць, што Бог часта шукае не тых, хто “ідэальна падрыхтаваны”, а тых, хто адкрыты, хто не страціў здольнасці здзіўляцца, не згубіў простасці сэрца, здольны пакінуць сваю ноч і пайсці туды, куды Бог кліча”.
Пастыр дыяцэзіі падкрэсліў, што “там, дзе Бога прымаюць, пачынае расці мір; дзе Бога адкідваюць – пачынае расці хаос, і гісторыя чалавецтва не раз пацвярджала гэтую праўду”, а таксама што Бог “не чакае, пакуль мы станем дасканалымі, каб прыйсці ў нашы сэрцы”. “Яго можна знайсці ў сэрцы маці, якая моліцца за сваіх дзяцей; сэрцы чалавека, які аддае апошні кавалак хлеба іншаму; сэрцы таго, хто прабачае; сэрцы таго, хто пераходзіць ад граху да навяртання; сэрцы таго, хто плача перад Богам; сэрцы таго, хто кажа: “Пане, без Цябе я не змагу”. Бог нараджаецца там, дзе чалавек перастае верыць у сваю самадастатковасць і дазваляе Богу быць Богам”, – дадаў біскуп.
Па яго словах, ноч Божага Нараджэння – напамін пра тое, “што Бог не пакінуў чалавецтва без сябе, што Ён не адмовіўся ад чалавека, што нават тады, калі чалавек адварочваецца, Бог усё роўна прыходзіць, шукае, стукае ў дзверы”. “Нам адкрываецца місія: прыняць Бога там, дзе мы самі баімся адчыніць дзверы; дазволіць Яму асвятліць тыя сферы жыцця, у якіх мы прывыклі жыць у цемры; стаць святлом для іншых, быць сведкамі, якія нясуць супакой, а не раздзяленне; будаваць адносіны, у якіх Бог будзе цэнтрам, а не дадаткам”, – сказаў біскуп.
У канцы літургіі іерарх сардэчна павіншаваў вернікаў, пажадаўшы найперш міру ў кожным доме і сям’і, а таксама ў краіне і ва ўсім свеце.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Леанід Шчаглоў, belta.by






