
21 снежня, у чацвёртую нядзелю Адвэнту, літургічная служба алтара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) павялічылася на дзесяць чалавек.
Абрад устанаўлення новых міністрантаў быў здзейснены на святой Імшы, якую цэлебраваў а. Валерый Мазюк CSsR з Мінска. У гэтыя дні айцец Валерый праводзіў у парафіі адвэнтавыя рэкалекцыі.
Дыякан Марцін Лудзіч прадставіў кандыдатаў у міністранты пробашчу парафіі кс. каноніку Віталію Сідорку і заверыў яго ў іх гатоўнасці служыць ля алтара.
Кандыдаты паабяцалі выконваць літургічныя абавязкі пабожна, старанна, на Божую хвалу і для дабра парафіі.
Пробашч благаславіў новых міністрантаў і заахвоціў іх праз служэнне Богу пры алтары пастаянна ўзрастаць у веры, захапляцца тым, што яны выконваюць, і цешыцца вялікай вартасцю свайго служэння.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






