
20 снежня ў пастаральным цэнтры імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах адбылася прэзентацыя перакладу Пяцікніжжа Майсея на беларускую мову.
Сярод шматлікіх удзельнікаў былі іерархі Каталіцкага Касцёла, прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігійных супольнасцяў Беларусі, дзяржаўных уладаў. У ліку прысутных былі таксама іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Пяцікніжжа — своеасаблівы мост паміж эпохамі, культурамі і сакральнымі традыцыямі свету. Дадзенае выданне з’яўляцца першым поўным афіцыйным рыма-каталіцкім перакладам Пяцікніжжа на беларускую мову.
Мадэратар прэзентацыі кс. канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB, адкрываючы мерапрыемства, падкрэсліў, што гэтая падзея з’яўляецца важнай вехай у гісторыі беларускай тэалогіі, біблістыкі і культуры.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ва ўступным слове адзначыў, што прэзентацыя перакладу Пяцікніжжа — “не толькі культурная, але і духоўная падзея, сведчанне адзінства і братэрства, якое мы пакліканы несці ў свет”. Ён дадаў, што ў той час, калі чалавецтва часта губляе арыенціры, Божае слова “становіцца нашым верным компасам, які вядзе да супакою, узаемнай павагі і сапраўднай любові”. Іерарх падзякаваў усім членам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якія рэалізавалі пераклад і падрыхтоўку гэтага выдання. Біскуп назваў іх працу “не толькі лінгвістычным і тэалагічным подзвігам, але перадусім служэннем Божаму слову і душпастырскім служэннем, якое адкрывае вернікам магчымасць глыбей спазнаваць праўду веры”.

З дакладам-прэзентацыяй выдання выступіла доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук, супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, якая распавяла пра асаблівасці перакладу біблійных тэкстаў і раскрыла асноўныя адметнасці выдання “Пяцікніжжа Майсея”. Між іншым яна адзначыла, што гэтае выданне акрамя асноўнага біблійнага тэксту змяшчае біблійны слоўнік, карты тагачасных падзей, ілюстрацыі і наглядны радавод пакаленняў Выбранага народу, а таксама выказала спадзяванне, што Нядзеля Божага слова, якая будзе адзначацца 26 студзеня 2026 года, стане добрай нагодай для прадстаўлення “Пяцікніжжа Майсея” вернікам ва ўсіх парафіях.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, звяртаючыся да прысутных, сказаў, што з вялікай радасцю прыбыў на гэтую значную падзею, і падкрэсліў, што пераклад Святога Пісання на беларускую мову ўмацоўвае не толькі беларускасць Каталіцкага Касцёла, але і ўсё шматканфесійнае і шматнацыянальнае грамадства краіны. На яго думку, падобныя ініцыятывы з’яўляюцца важным крокам да ўмацавання добрасуседскіх і ўзаемапаважлівых адносін.
Прафесар кс. доктар Вальдэмар Храстоўскі з Варшавы, які кансультаваў у падрыхтоўцы выдання, у звароце да ўдзельнікаў прэзентацыі адзначыў, што Святое Пісанне нараджаецца з веры ў Бога і мае на мэце будаванне гэтай веры. Ён дадаў, што, разам з тым, вера ў Бога — гэта яшчэ не ўсё: Біблія “заклікае нас пераходзіць ад веры ў Бога да даверу Богу”. Святар падкрэсліў, што пераклад Бібліі — культуратворчы акт, бо з яе вырастае духоўная спадчына Захаду і Усходу, а яго роля для культуры краіны выключна важная.
Протаіерэй Сергій Маўсясян, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, падкрэсліў, што пераклад — гэта працэс мыслення, пераносу сэнсу з мовы незнаёмай на мову зразумелую. З’яўленне перакладу Пяцікніжжа на беларускую мову ён назваў інтэлектуальнай падзеяй і кропкай росту Каталіцкага Касцёла. Гэтая праца, паводле яго слоў, патрабуе шырокіх кампетэнцый і прыносіць сапраўдную карысць толькі тады, калі праводзіцца ў супрацоўніцтве з епіскапатам.
Старшыня Рады імамаў Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Радкевіч адзначыў, што развіццё многіх культур бярэ пачатак менавіта з перакладу Святога Пісання, і падкрэсліў, што мусульмане Беларусі заўсёды з павагай цікавіліся біблійнымі тэкстамі, якія падтрымліваюць жыццё іх суседзяў-хрысціян. Асобна імам паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца праца над перакладам Карана на беларускую мову, што, на яго думку, дапаможа ўсім вернікам размаўляць на адной мове — мове любові.
Галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Рыгор Абрамовіч задуменна запытаў: “Як у нас усё атрымліваецца?” — і звярнуў увагу на тое, як удаецца здзейсніць пераклад Пяцікніжжа, нягледзячы на каранавірус, іншыя перашкоды і цяжкія старонкі гісторыі, у тым ліку войны, якія, па яго словах, пачыналіся праз недасканалыя пераклады. Рабін адзначыў, што дзесяцігоддзі дыялогу паміж рэлігіямі, якія паходзяць ад Абрагама, стварылі ў Беларусі прастору ўзаемапавагі і супольнай працы дзеля дабра, за што варта дзякаваць Усемагутнаму Богу.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі яшчэ раз падкрэсліў гістарычнае значэнне падзеі, сказаўшы: “Словы Пяцікніжжа — гэта перш за ўсё духоўны мост паміж мінулым і сучасным, паміж нашай роднай беларускай мовай і глыбінёй Божага слова”. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да перакладу, адзначыўшы, што гэтая праца — не проста пераклад слоў, а ўвасабленне павагі да аўтарытэту Святога Пісання.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўрачыста прадставіў надрукаванае выданне “Пяцікніжжа Майсея” (Мінск, 2025). Разам з кс. Янам Крэмісам яны ўручылі ганаровым гасцям мерапрыемства першыя экзэмпляры кнігі.
Фінальным акордам прэзентацыі стала ўзнагароджанне ганаровымі граматамі супрацоўнікаў Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і архідыяцэзіяльнага выдавецтва “Pro Christo”, чыя праца зрабіла магчымым выданне “Пяцікніжжа Майсея” і правядзенне гэтай урачыстай і знакавай падзеі.
Прэзентацыя завяршылася супольным фотаздымкам, пасля чаго ўсе жадаючыя маглі набыць “Пяцікніжжа Майсея”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: с. Марцэліна Мігач






