
20 снежня ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча моладзі.
На сустрэчы, якая была арганізавана душпастырствам моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся маладыя вернікі розных парафій горада разам са сваімі душпастырамі.
Сустрэча пачалася раратняй Імшой у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Пробашч парафіі Божай Міласэрнасці кс. Эдуард Сінкевіч SCJ, вітаючы прысутных, сказаў, што “сэрца радуецца, калі бачыш столькі маладых людзей, сабраных перад Езусам Міласэрным”.
Біскуп цэлебраваў літургію ў інтэнцыі моладзі Гродна. У гаміліі ён сказаў, што вечаровы час, калі праходзіць гэтая сустрэча, – “час падсумавання, цішыні, праўды сэрца”, а святло раратніх свечак – “вобраз вашага жыцця”: “Малады чалавек часта ідзе праз цемру нявызначанасці: не заўсёды ведае, куды ідзе, не заўсёды разумее, што правільна, а што не, не заўсёды адчувае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Але Бог не пакідае чалавека ў цемры. Ён запальвае святло. І гэтым святлом з’яўляецца Яго слова, Яго прысутнасць, Яго любоў”.
Адвэнт біскуп назваў “часам, калі Бог уважліва глядзіць на наша жыццё, на нашы рашэнні, на нашы сумненні і страхі”.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі, іерарх адзначыў, што “Бог уваходзіць у гісторыю чалавека праз дыялог, праз слова, праз запрашэнне”, “не забараняе пытацца, не папракае за сумненні, не асуджае за страх, наадварот, сам прапануе: прасі знаку”. “Бог не баіцца нашых пытанняў, трывог, няўпэўненасці, – падкрэсліў біскуп. – Часам і мы, маладыя і старэйшыя, гаворым Богу: “Я сам ведаю, як жыць”, “Я сам разбяруюся”. А за гэтым часта стаіць страх адкрыць сэрца. Але Бог не адступае. Нават калі чалавек закрываецца, Бог застаецца верным”.
Кажучы пра рашэнне Бога прыйсці ў свет праз Панну Марыю – “простую, не знакамітую дзяўчыну”, – біскуп патлумачыў: “Мы бачым, што Бог выбірае тых, хто здольны слухаць. Не тых, хто лічыць сябе гатовым, а тых, хто гатовы даверыцца”. “Бог можа распачаць вялікія справы з твайго простага, але шчырага сэрца. Ён не шукае ідэальных людзей – Ён шукае адкрытых сэрцаў, – дадаў іерарх. – Бог чакае ад вас не дасканаласці, а праўды сэрца. Ён хоча, каб вы не жылі падвойным жыццём – з адным тварам у касцёле і з іншым па-за ім”.

Па словах біскупа, у апісанні Звеставання бачна, як Бог паважае свабоду чалавека, а ў разважаннях Панны Марыі відаць “прыклад сталай духоўнасці, якая не ўцякае ад пытанняў, а нясе іх Богу”. “І мы бачым, што Бог не асуджае Яе пытанне. Ён тлумачыць, супакойвае, запэўнівае ў сваёй прысутнасці. Колькі разоў і вы, дарагая моладзь, пытаецеся: “А што будзе далей? Ці правільны мой выбар? Ці не памыляюся я?” І гэта нармальна. Вера – гэта не адсутнасць пытанняў, а адвага задаваць іх Богу”, – заўважыў іерарх.
Звяртаючы ўвагу на тое, як Марыя згаджаецца стаць Маці Божага Сына, ён адзначыў: “Яна не ведае, што Яе чакае, як адрэагуюць людзі. Але Яна давярае Богу”. У сувязі з гэтым пастыр дыяцэзіі сказаў маладым вернікам: “Сапраўдная свабода не ў тым, каб рабіць усё, што хочацца. Сапраўдная свабода – у здольнасці сказаць Богу: “Я давяраю Табе сваё жыццё”.
Па словах іерарха, Панна Марыя “разумее страхі, няўпэўненасць, мары” маладых людзей, “Яна сама была маладой, калі Бог даверыў Ёй велізарную місію”. “Праз Марыю Бог кажа вам сёння: “Я веру ў цябе. Я давяраю табе. Я хачу ісці з табой”, – дадаў біскуп. – Не бойцеся Бога. Не бойцеся Яго волі. Не бойцеся Яго запрашэння. Бог не забірае – Ён дорыць. Не абмяжоўвае – а адкрывае. Не ламае – а ўздымае”.

У канцы Імшы душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Яўген Амасёнак выказаў біскупу ўдзячнасць за цэлебрацыю і за “сяброўства з моладдзю”. Затым прысутныя падзяліліся аплаткай, што было для маладых людзей магчымасцю падзякаваць пастыру дыяцэзіі за клопат аб іх і павіншаваць адзін аднаго з Божым Нараджэннем.
Сустрэча працягнулася пачастункам, які сумесна прыгатавала моладзь, і калядным “кватэрнікам”, які зладзіў гурт Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі “Ave”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






