Skip to main content

Традыцыйная аплаткавая сустрэча для маламаёмных прайшла ў Гродне

IMG 0183

19 снежня ў Гродне прайшла традыцыйная аплаткавая сустрэча для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства. Сустрэчу арганізавалі манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта разам з дабрачынным каталіцкім таварыствам “Caritas”.

Удзельнікаў сустрэчы віншавалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, дырэктар “Caritas” кс. Віталій Дабраловіч, рэктар гродзенскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі кс. Антоні Грэмза і пастар гродзенскай лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў. У агульнай колькасці на сустрэчы сабралося каля 200 чалавек.

IMG 0235

Біскуп, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што Божае Нараджэнне – “свята любові, дабра і міласэрнасці”, для якога характэрная сямейная атмасфера. “Сёння мы сабраліся тут як адна сям’я, і вы, прысутныя, вучыце нас, што такое сям’я. Выраз “браты і сёстры” – гэта не проста словы, гэта праўда”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што гэтая праўда бярэ пачатак у Езусе Хрысце, які нарадзіўся ў Бэтлееме дзве тысячы гадоў таму, “каб быць Богам з намі, аб’яднаць нас у адну сям’ю, – таму нашы сэрцы аб’яднаны любоўю Бога”.

Пасля малітвы і ўдзеленага біскупам благаслаўлення прысутныя падзяліліся аплаткай.

На абед удзельнікам сустрэчы былі прапанаваны боршч, пюрэ, салата, каўбаскі і булачкі.

Біскуп падзякаваў манахіням і валанцёрам, якія штодзённа гатуюць пасілак для бедных. Пастыр дыяцэзіі павіншаваў прысутных з Божым Нараджэннем.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі