
18 снежня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Сустрэча пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў а. Андрэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі. Ён казаў пра новую апостальскую адгартацыю Папы Льва XIV “Dilexi te” (“Палюбіў цябе”), заўважыўшы, што яе галоўнае пасланне – любоў да бедных як сэрца хрысціянскай веры. У гэтым дакуменце, як адзначыў айцец Андрэй, звяртаецца ўвага на розныя формы беднасці, якая бывае не толькі матэрыяльнай, гучыць заклік да барацьбы з несправядлівасцю і няроўнасцю, падкрэсліваецца значэнне салідарнасці, абараняецца фундаментальнае вучэнне Касцёла пра бедных, з тым, каб бачыць у іх уцелаўлёнага Езуса Хрыста.

У межах сустрэчы адбылася малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, на якой біскуп Гродзенскі даручыў мясцовую супольнасць вернікаў Маці Божай.
З нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння канцлер біскупскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч выказаў біскупам віншаванні. Ён запэўніў іерархаў у тым, што духавенства дыяцэзіі моліцца ў іх інтэнцыі, і пажадаў, каб плёнам іх біскупскага служэння было развіццё рэлігійнага жыцця.
Біскуп Уладзімір Гуляй, кажучы пра нараджэнне Хрыста, адзначыў, што “Божая логіка часта не супадае з логікай свету”: для свайго прыйсця на зямлю “Бог выбраў не палац, не ўрачыстыя абставіны, а ўбоства, цішыню і прастату, месца, дзе, з чалавечага пункту гледжання, няма нічога, апрача любові”.
Па словах іерарха, канец года запрашае азірнуцца на пражыты час. “У гэтым годзе было шмат дабра, але былі і хвіліны цяжкія, балючыя, такія, якія мы, напэўна, не хацелі б паўтараць”, – сказаў біскуп, у сувязі з гэтым успамінаючы таксама святароў і законных сясцёр, якія служылі ў мясцовым Касцёле і сёлета адышлі ў вечнасць.
Біскуп падзякаваў прысутным святарам і кансэкраваным асобам за служэнне ў парафіяльных супольнасцях, “за вернасць і за малітву”.
Ён заахвоціў удзельнікаў сустрэчы распачынаць новы год з надзеяй. “Мы не ведаем, што нас чакае, але ведаем, Хто ідзе з намі. З намі ідзе Хрыстус – той самы, які нарадзіўся ў Бэтлееме, які застаўся з намі ў Эўхарыстыі і які ніколі не пакідае сваіх”, – сказаў біскуп.
Іерарх пажадаў, каб святы Божага Нараджэння “сталі нагодай аднавіць радасць паклікання i вучылі служыць з любоўю, без азлобленасці і страху, з даверам”.
Завяршэннем сустрэчы былі дзяленне аплаткай і абед у сталовай семінарыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская






