Skip to main content

Бэтлеемскі агонь міру ўнеслі ў гродзенскую катэдру

agon 74

18 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне прыбыў Бэтлеемскі агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме.

Днём раней беларускія каталіцкія скаўты атрымалі агонь ад сваіх польскіх калег на нейтральнай тэрыторыі паміж Польшчай і Беларуссю, на прапускным пункце “Кузніца Беластоцкая – Брузгі”.

У катэдры агонь сустрэў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Звяртаючыся да прысутных, ён сказаў: “Гэта не проста агонь свечкі. Гэта пасланне. Гэта знак надзеі. Гэта напамін пра тое, што нават у самую цёмную ноч чалавечай гісторыі Бог запальвае святло, якога ніхто не ў стане пагасіць”.

Біскуп адзначыў, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет “не сярод магутных, а сярод убогіх і простых людзей”, што там “загарэлася святло, якое змяніла гісторыю чалавецтва” і што перыяд Адвэнту “вучыць той самай праўдзе: Бог прыходзіць ціха, не навязваецца і не прымушае”.

agon 104

“Бэтлеемскі агонь нагадвае нам, што без цішыні няма сапраўднай сустрэчы з Богам, а без гэтай сустрэчы немагчыма знайсці сапраўдны мір”, – патлумачыў іерарх.

Ён дадаў, што слова “мір”, “супакой”, сёння гучыць “асабліва балюча і актуальна”, што “мы бачым, як лёгка ён парушаецца і як цяжка яго аднавіць”. “Супакой, які прыносіць Хрыстус, – гэта не толькі адсутнасць вайны. Гэта супакой сэрца. Гэта ўнутраная сіла, якая дазваляе чалавеку не адказваць злом на зло. Гэта здольнасць дараваць, – заўважыў біскуп. – Бэтлеемскі агонь нагадвае нам, што сапраўдны мір пачынаецца з кожнага з нас – з нашых думак, словаў і рашэнняў”.

Звяртаючыся да каталіцкіх скаўтаў, якія будуць перадаваць агонь у іншыя парафіі і ўстановы, іерарх сказаў: “Вы паказваеце нам, што мір нельга захаваць толькі для сябе. Яго трэба перадаваць. Ваш шлях са святлом – гэта шлях служэння і адказнасці. Бо святло можна лёгка згубіць, калі пра яго не дбаць. Так і мір патрабуе клопату, вернасці і штодзённай працы над сабой. Няхай гэта святло будзе для вас знакам гатоўнасці служыць іншым, быць сведкамі надзеі і людзьмі, якія не баяцца дабра”.

Кожны з прысутных у катэдры мог запаліць ад Бэтлеемскага агню сваю свечку, каб такім чынам узяць яго з сабой. У сувязі з гэтым біскуп нагадаў: “Свечка ў руках – яшчэ не гарантыя святла ў сэрцы. Сапраўдны мір пачынаецца там, дзе мы дазваляем Богу дзейнічаць у нашым жыцці. Там, дзе ў сям’і ёсць узаемная павага і слуханне. Там, дзе ёсць час адно для аднаго. Там, дзе слова не раніць, а лечыць. Бэтлеемскі агонь запрашае задумацца: нясу я святло або цемру? ці спрыяю я супакою ў тых месцах, дзе жыву і працую?”

Цяпер скаўты будуць развазіць агонь па краіне. Плануецца перадаць яго ў больш чым 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх беларускіх парафій.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі