Skip to main content

У Лідзе прайшла аплаткавая сустрэча духавенства

lida pm 26 cbs

17 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшла аплаткавая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Сустрэча пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў а. Андрэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі. Ён засяродзіў увагу на новай апостальскай адгартацыі Папы Льва XIV “Dilexi te” (“Палюбіў цябе”). Айцец Андрэй адзначыў, што дакумент прысвечаны “клопату Касцёла аб бедных і разам з беднымі”, што ў ім, сярод іншага, гаворыцца: “Нельга забываць пра бедных, калі мы не хочам выпасці з жывой плыні Касцёла, якая сыходзіць з Евангелля і ажыўляе кожную гістарычную эпоху”.

На сустрэчы быў час для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыступіць да споведзі.

З нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка ад імя ўсіх прысутных выказаў віншаванні біскупу Гродзенскаму, пажадаўшы яму шмат энергіі i сіл у выкананні даручаных Касцёлам функцый, a таксама штодзённага кіраўніцтва Святога Духа ў прыняцці важных рашэнняў.

У сваю чаргу біскуп адзначыў важнасць гэтай сустрэчы, праведзенай напярэдадні святаў Нараджэння Пана. “Гэта напамін пра тое, што мы не служым у адзіноце.

Мы – прэзбітэрый, мы – супольнасць кансэкраваных асоб, мы – Касцёл Хрыстовы. У кожнага з нас сваё пакліканне, свой шлях, свае дары, але ўсе мы належым да адной сям’і”, – сказаў пастыр дыяцэзіі.

lida pm 25 cbs

Іерарх нагадаў, што духоўным асобам важна будаваць паміж сабой супольнасць, быць разам. “Таму вельмі вас прашу: калі ў служэнні з’яўляецца стомленасць, калі прыходзяць непаразуменне або адчуванне адзіноты, не замыкайцеся ў сабе. Шукайце брата, шукайце сястру. Дзяліцеся аплаткай і ў штодзённасці: дзяліцеся сваім часам, сваёй увагай, сваёй добразычлівасцю, сваёй цярплівасцю”, – дадаў біскуп.

Ён выказаў духавенству падзяку за руплівае служэнне ў парафіяльных супольнасцях, асабліва ў перыяд Адвэнту, а таксама ў іншы час. “Дзякую за служэнне, якое часта застаецца непрыкметным. За малітву, якую ніхто не бачыць, але якая трымае Касцёл. За вечары, калі вы былі з людзьмі, калі ім было цяжка. За раніцы, калі вы пачыналі дзень з малітвы, нават калі сэрца было стомленае. Бог гэта бачыць. Бог гэта памятае. І Бог ніколі не бывае несправядлівым”, – адзначыў іерарх.

lida pm 33 cbs

Ён пажадаў прысутным радасных святаў Божага Нараджэння, а таксама “супакою сэрца, глыбокай унутранай радасці і адчування, што вы любімыя Богам”.

Завяршэннем сустрэчы сталі дзяленне аплаткай і абед, прыгатаваны вернікамі лідскай парафіі на чале з пробашчам, з нядаўняга часу дэканам Лідскага дэканату кс. Русланам Мазанам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аляксандра Шчыглінская