
З 12 па 14 снежня ў Росі прайшлі дні засяроджання для ўдзельнікаў руху “Gloriosa Trinita”, які дзейнічае пры лідскай парафіі Святой Сям’і.
Сустрэчу правёў вікарый лідскай парафіі кс. Андрэй Каўшук. Кажучы пра падрыхтоўку да Божага Нараджэння, святар дапамог удзельнікам сустрэчы зрабіць своеасаблівую “перазагрузку”. Ён звярнуў увагу на тое, што шлях да Божага Нараджэння – гэта таксама шлях да другога прыйсця Езуса Хрыста.

Прысутныя пачулі аб тым, што шлях чакання Хрыста пачынаецца “не са спраў, а з глыбіні і цішыні”. Адзначалася, што цішыня – гэта своеасаблівыя “духоўныя дзверы”, што гэта не пустата, бо цішыня “напоўнена Божай прысутнасцю”, якую людзі звычайна не заўважаюць у шуме. Таму, каб апынуцца ў цішыні, трэба на некаторы час спыніцца. Па словах удзельнікаў дзён засяроджання, для гэтага карысна пабываць на такой сустрэчы: “адкласці справы, узяцца за рукі і проста пабыць разам – без спешкі, без спісаў спраў, а з размовамі, добрым смехам, сумеснай малітвай і цішынёй, напоўненай удзячнасцю Богу”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






