Skip to main content

Пробашчы парафій і біскуп Гродзенскі сустрэліся з кіраўніцтвам гарвыканкама

sustrecza 2

12 снежня ў Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце прайшла сустрэча старшыні гарвыканкама Андрэя Хмеля з пробашчамі парафій горада Гродна. У сустрэчы ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

На сустрэчы абмяркоўваліся актуальныя пытанні: стан пажарнай бяспекі ў рэлігійных арганізацыях, меры бяспекі падчас святочных мерапрыемстваў у гонар Божага Нараджэння, будаўніцтва ў горадзе новых культавых аб’ектаў, узаемадзеянне гарвыканкама і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў наступным годзе.
Старшыня гарвыканкама падзякаваў духавенству за супрацоўніцтва, адкрытасць да дыялогу, а таксама за аператыўную перарэгістрацыю парафій дыяцэзіі, якая была завершана вясной гэтага года. Была выражана гатоўнасць працягваць адкрыты дыялог паміж дзяржавай і рэлігійнымі супольнасцямі.

Біскуп Уладзімір Гуляй назваў прысутнасць гродзенскага духавенства на гэтай сустрэчы пацвярджэннем гатоўнасці да ўзаемадзеяння на дабро грамадзян. Ён адзначыў, што дыяцэзія актыўна дзейнічае ў сферах падтрымкі моладзі і сям’і, сацыяльнай дапамогі, падтрымлівае праекты на карысць беларускай мовы і культуры, захавання гістарычнай спадчыны.

sustrecza 1

Па словах біскупа, дыяцэзія адкрытая на справу падтрымкі міжканфесійнага і міжэтнічнага дыялогу і на ўсё, што ўмацоўвае духоўнае аблічча грамадства, веру, культуру і добрыя адносіны паміж людзьмі. Іерарх дадаў, што ўдзел Каталіцкага Касцёла ў жыцці Гродна паходзіць з клопату аб дабрабыце ўсіх жыхароў горада, падкрэсліваючы каштоўнасці ўзаемнай павагі, міру і супрацоўніцтва.

У канцы сустрэчы старшыня гарвыканкама выказаў католікам Гродна віншаванні з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі