Skip to main content

У Астраўцы на адвэнтавых рэкалекцыях разважалі над тым, што значыць любіць Бога і як шчасліва дасягнуць вечнасці

asrtawec rec 1

З 5 па 7 снежня ў астравецкай парафіі Адшукання Святога Крыжа прайшлі адвэнтавыя рэкалекцыі. Сёлета іх правёў пробашч парафіі святых Станіслава, біскупа, і Максімільяна Кольбэ ў Каробчыцах кс. Ян Рушніцкі.

У дні рэкалекцый, як паведаміла Вольга Заянчкоўская, у парафіі “панавала атмасфера радасных і ўзнёслых перажыванняў, еднасці і малітвы”. Рэкалекцыяніст прапанаваў парафіянам на працягу гэтых дзён прабываць у малітве, разважаць над сваёй верай, адносінамі з Богам і бліжнім, не толькі паслухаць Божае слова, але і адказаць самім сабе на канкрэтныя пытанні наконт жыцця, любові, граху, вобразу Бога.

У першы дзень ксёндз Ян разважаў над тым, што такое рэкалекцыі і колькі часу яны займаюць. Ён звярнуў увагу на важнасць духоўных практыкаванняў у жыцці верніка, заклікаў старанна рыхтавацца да Божага Нараджэння, заахвоціў да споведзі і падрыхтоўкі сэрца. Таксама святар нагадаў пра важнасць у чалавечым жыцці Бога і бліжняга, адзначыўшы: “У жыцці мы бываем сляпымі, не заўважаем Бога, іншага чалавека”.

Разважаючы над фрагментамі Святога Пісання, рэкалекцыяніст патлумачыў, што быць з Езусам – значыць стварыць у сваім сэрцы прастору для Яго праз малітву, разважанні над Божым словам і духоўнае ачышчэнне. Святар прапанаваў кожнаму з парафіян падумаць над пытаннем: “Дзе, у які момант і калі Бог прысутнічаў у маім жыцці?” Акрамя таго, ксёндз Ян расказаў аб прысутнасці Езуса ва ўласным жыцці.

У другі дзень размова ішла аб любові да Бога. Рэкалекцыяніст выказаў думку, што выбраць Бога – значыць праслаўляць Яго. Святар дадаў, што Бог, са свайго боку, любіць людзей і што “вера без учынкаў мёртвая”: “Хто любіць Бога – просіць у Яго прабачэння праз споведзь, дзякуе Яму, просіць дапамогі, умее праслаўляць Яго, любіць свайго бліжняга”. Ксёндз Ян падкрэсліў, што “любіць – значыць жадаць іншаму чалавеку дабра”.

asrtawec rec 6

У апошні дзень рэкалекцый парафіяне разважалі над пытаннем: “Ці годны я стаць перад Езусам?” У гэты дзень гаварылася аб тым, як змяніць сваё жыццё, каб сустрэча з Езусам была добрай, спакойнай, шчаслівай і каб кожны дасягнуў вечнага жыцця.

На працягу ўсіх дзён рэкалекцый удзельнікі мелі магчымасць прыступіць да споведзі.

Пасля завяршэння духоўных практыкаванняў парафіяне разам з пробашчам кс. Юрыем Кузьмічом падзякавалі ксяндзу Яну за ўдзелены ім час і адкрытыя нанова праўды веры – “простыя, але такія важныя для кожнага”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вольга Заянчкоўская