27 верасня парафія Арханёла Міхала ў Няцечы (Лідскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.
Святкаванне ўрачыстасці ў гонар нябеснага апекуна парафіі, успамін якога адзначаецца 29 верасня, перанеслі на нядзелю, каб у ім магло ўдзельнічаць больш людзей. Касцёл быў напоўнены – хоць, па словах пробашча кс. Анджэя Бурака, гэтая парафія найменшая ў Лідскім дэканаце і на сённяшні дзень у вёсцы Няцеч пражывае толькі некалькі чалавек. Прысутнічалі госці з Ліды, Ваўкавыска, Лаздун, Цудзенішак і Гродна – найперш дзеці, унукі і праўнукі мясцовых жыхароў, якія раней наведвалі гэты касцёл з бацькамі, бабулямі і дзядулямі.
Перад Імшой пробашч прадставіў прысутным звесткі з гісторыі парафіі. Ён адзначыў, што гэтая гісторыя налічвае амаль два стагоддзі; адзін селянін, калі араў зямлю, вырыў крыж, і на гэтым месцы было вырашана пабудаваць касцёл. Спачатку касцёл меў тытул Адшукання Святога Крыжа, адпустовая ўрачыстасць святкавалася 3 мая, пасля Другога Ватыканскага Сабору тытул змянілі на Узвышэнне Святога Крыжа, святкаванне стала праходзіць 14 верасня, сёння ж парафія мае тытул Арханёла Міхала.
Імшу цэлебраваў у інтэнцыі паўсюднага Касцёла, парафіі, памерлых святароў, якія там працавалі, і ўсіх людзей добрай волі новапрэзбітэр Віталій Сямёнаў. Вітаючы яго і святароў, якія ў гэты дзень прымалі ў парафіі споведзь, пробашч сказаў, што для яго вялікая радасць знаходзіцца ля алтара з ксяндзом Віталіем: абодва яны паходзяць з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, а ў 2002 г. ксёндз Анджэй, у той час малады святар, ахрысціў сённяшняга новапрэзбітэра, які быў тады маленькім хлопчыкам.
У гаміліі ксёндз Віталій звярнуў увагу на постаць Арханёла Міхала, а таксама распавёў пра ўласнае жыццё і пакліканне. Ён падзякаваў ксяндзу Анджэю за ўдзяленне хросту, падзякаваў таксама біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю, які доўгі час быў пробашчам яго роднай парафіі і дапамагаў узрастаць у пакліканні.
У канцы Імшы адбылася ўрачыстая працэсія, прагучаў гімн “Цябе, Божа, праслаўляем”. Ксёндз Віталій удзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне і падарыў кожнаму памятны абразок.
Пробашч, дзякуючы тым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі святкавання, выказаў асаблівую падзяку маленькай дзяўчынцы Маргарыце з Росі, якая змагаецца з цяжкай хваробай: яна, яе бацькі і іншыя родныя ахвяравалі кветкі, якімі быў упрыгожаны алтар. Невялікая парафіяльная супольнасць Няцечы не раз матэрыяльна дапамагала дзяўчынцы ў барацьбе з хваробай. Выказваючы падзяку ўсім, хто прыбыў у гэты дзень у парафію, пробашч адзначыў, што нікога не лічыць тут госцем: “Усе мы ў доме нашага міласэрнага Айца не госці, а Яго каханыя дзеці”.
Ксёндз Віталій на памяць аб урачыстасці атрымаў фігурку Маці Божай – каб Яна апекавалася ім у служэнні і заўсёды ахінала плашчом сваёй апекі. “Вярталіся са святкавання ўсе радасныя, бадзёрыя, у добрым настроі. Хвала Пану за гэту ўрачыстасць!” – кажуць у парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Уладзімір Каральчук






