Skip to main content

У Тракелях прайшло пахаванне кс. Яна Сарэлы

IMG 195718 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшло пахаванне кс. Яна Сарэлы, для якога гэтая парафія родная.

На пахавальнай Імшы прысутнічала вялікая колькасць духавенства, у тым ліку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў цэлебрацыю, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска; кансэкраваныя асобы, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне (ксёндз Ян шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці семінарыі), вернікі тракельскай і іншых парафій, дзе ён служыў.

Рэктар гродзенскай семінарыі кс. Ян Раманоўскі прамовіў гамілію, у якой адзначыў, што спачылы быў руплівым, адданым і ахвярным святаром, вельмі клапаціўся аб тым, каб будучым святарам (студэнтам семінарыі) забяспечвалася добрая фармацыя і каб яны вялі глыбокае духоўнае жыццё.

IMG 2013

Біскуп Гродзенскі ў канцы літургіі сказаў: “Для кожнага чалавека смерць заўсёды застаецца таямніцай, перад якой чалавечае сэрца спыняецца ў цішыні, у болі і ў пытаннях. Але мы, людзі веры, збіраемся сёння ў гэтай святыні не толькі для таго, каб плакаць і развітвацца. Мы збіраемся перадусім дзеля Эўхарыстыі – найвялікшай малітвы Касцёла, у якой Хрыстус, Пераможца смерці, яшчэ раз нагадвае нам словы Евангелля: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё; хто верыць у Мяне, нават калі і памрэ – будзе жыць». Сёння гэтыя словы асаблівым чынам гучаць над жыццём спачылага ксяндза Яна”.

Іерарх адзначыў, што ксёндз Ян “вёў людзей да Бога, абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў святую Эўхарыстыю, удзяляў сакрамэнты і вучыў іншых давяраць Богу нават тады, калі чалавечых сіл ужо не хапае”.

“У парафіях Ражанкі і Воўпы многія людзі сёння ўспамінаюць яго як добрага пастыра, чалавека малітвы, спакойнага сэрца і вялікай чалавечай культуры. Ён не шукаў шуму вакол сябе, не імкнуўся да чалавечай славы, але проста, ціха і верна служыў Богу і людзям там, куды яго пасылаў Касцёл”, – дадаў біскуп.

Пра яго служэнне ў гродзенскай семінарыі ў якасці духоўнага айца іерарх сказаў: “Гэтае служэнне патрабуе не толькі ведаў ці жыццёвага досведу, але перадусім глыбокага ўнутранага жыцця, здольнасці слухаць чалавека, суправаджаць яго ў духоўным шляху, дапамагаць распазнаваць волю Божую і вучыць любові да Хрыста і Яго Касцёла. Многія святары і семінарысты сёння могуць сказаць, што ксёндз Ян быў для іх чалавекам, які ўмеў не толькі гаварыць пра Бога, але сапраўды жыў Богам”. Біскуп нагадаў, што “асаблівае месца ў яго сэрцы займала таксама служэнне малітоўнаму руху «Маргарытка» (члены гэтага руху моляцца за святароў); ён добра ведаў, што святару вельмі патрэбна малітва”.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў усім, хто быў побач з ксяндзом Янам да апошніх хвлін яго жыцця, назваў гэта “сапраўдным сведчанне евангельскай любові” і дадаў, што “ў такіх ціхіх і непрыкметных учынках найбольш яскрава адкрываецца прысутнасць Бога сярод нас”.

Па словах біскупа, “невыпадкова Пан Бог паклікаў свайго слугу менавіта ў маі – месяцы, які Касцёл прысвячае Найсвяцейшай Панне Марыі; Марыя, Маці святароў, напэўна, была для яго той, да каго ён звяртаўся ў хвіліны радасці і выпрабаванняў, у здароўі і ў час хваробы”.

“Хоць чалавечае сэрца напаўняецца смуткам, аднак памятайце, што смерць не мае апошняга слова. Апошняе слова належыць Богу – Богу жыцця, любові і вечнасці. Касцёл моліцца сёння разам з вамі і за вас, дзякуючы за жыццё і святарскае служэнне ксяндза Яна”, – сказаў іерарх родным спачылага.

IMG 2029

“Хочам таксама прасіць Хрыста Добрага Пастыра аб новых і святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Адыход кожнага святара павінен яшчэ мацней абуджаць у нас разуменне таго, як вельмі Касцёлу патрэбныя людзі, якія адважацца пакінуць усё і пайсці за Хрыстом. Няхай прыклад спачылага ксяндза Яна – яго вернасць, пакора, малітва і ціхая адданасць – стане для многіх маладых людзей натхненнем не баяцца адказаць Богу “так”, – дадаў біскуп.

Пасля літургіі труна з целам спачылага была перанесена на парафіяльныя могілкі, дзе ён быў пахаваны побач са сваімі бацькамі. Малітву на могілках узначаліў біскуп Уладзімір Гуляй.

Ксёндз Ян Сарэла нарадзіўся 28 жніўня 1975 г., паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях.

Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 3 чэрвеня 2000 г. у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Быў пробашчам парафій святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) і св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат). Быў адказным мадэратарам за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі і мадэратарам апостальскага руху “Маргарытка”. Адышоў у вечнасць пасля цяжкай хваробы 15 мая.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі